МЗС Латвіі і Нямеччыны выступілі з рэкамендацыямі для сваіх грамадзян, у якіх заклікалі ў бліжэйшыя 48 гадзін не ехаць у Расію і пазбягаць масавых мерапрыемстваў у Маскве з-за магчымых тэрактаў.
Германія звярнула ўвагу на патэнцыйную небяспеку нападаў беспілотнікаў і тэрарыстычных атак на сетку грамадскага транспарту, асабліва чыгуначнага руху ў Расіі.
Спачатку ЗША, потым Латвія і Нямеччына
Папярэджанні з боку Латвіі і Нямеччыны з'явіліся пасля аналагічнага паведамлення, якое раней апублікавала амбасада ЗША ў Расіі. У заяве гаворыцца, што экстрэмісты маюць намер у бліжэйшыя 48 гадзін напасці на масавыя сходы людзей, у тым ліку на канцэрты.
Да папярэджання далучылася і Міністэрства замежных спраў Вялікабрытаніі, якое параіла сваім грамадзянам адмовіцца ад паездак у Расію.
8 сакавіка ў Маскве адбудзецца вялікі канцэрт з удзелам зорак эстрады, а таксама шэраг іншых мерапрыемстваў, прысвечаных жаночаму дню – адзначае The Moscow Times.
Расійскія ўлады маўчаць.
яс/doRzeczy.pl