Суботні «Еўрапейскі марш» доўжыўся шмат гадзін і сабраў агулам больш за 300 тысяч чалавек. На піку каля 200 000 чалавек адначасова прысутнічалі на плошчы Еўропы.
Грузіны пратэстуюць з сярэдзіны красавіка. Яны патрабуюць адклікаць з парламенту законапраект аб абмежаванні дзейнасці няўрадавых арганізацый і СМІ.
Дакумент створаны на ўзор расійскага рэпрэсіўнага закона «аб замежных агентах». Законапраект ужо прайшоў два чытанні ў парламенце. Аднак пад уплывам пратэстаў і негатыўных меркаванняў з боку краін Еўрасаюза прэм'ер-міністр Грузіі Іраклі Кабахідзэ заявіў, што ўрад гатовы ўнесці папраўкі ў супрацоўніцтве з замежнымі партнёрамі.
Грузінскія дэмакратычныя сілы не пагаджаюцца на такія змены, яны іх называюць «касметычнымі». Грузіны абвясцілі, што правядуць ноч з нядзелі на панядзелак перад будынкам парламента.
У панядзелак запланавана пасяджэнне парламенцкага прававога камітэта для падрыхтоўкі законапраекта да трэцяга чытання.
ПР/юл