Беларуская Служба

Публіцыст Віталь Портнікаў: Галоўная задача Зяленскага — захаваць Украіну на карце свету

20.05.2024 19:16
Вынікі працы Уладзіміра Зяленскага будуць відавочныя толькі пасля заканчэння вайны.
 .
Украінскія вайскоўцы.Фота: Генштаб ЗСУ

«Тое, што цяпер пачынаюць спрабаваць падводзіць вынікі кадэнцыі Уладзіміра Зяленскага, мне здаецца зусім непатрэбным арыенцірам, звязаным з сімвалічнай датай 20 траўня, якую мы абралі проста таму, што калі б не было вайны, канстытуцыйна ў гэты дзень скончыліся б паўнамоцтвы прэзідэнта Украіны», — кажа ўкраінскі публіцыст Віталь Портнікаў.

«Палітыкаў ацэньваюць не па моцных і слабых баках, а па іх выніках. А вынікі працы Уладзіміра Зяленскага будуць відавочныя толькі пасля заканчэння вайны. Застанецца Украіна на палітычнай карце свету ці не, будзе яна ў адных межах або ў іншых,  ва Украіне будзе жыць 30 мільёнаў чалавек або 10 мільёнаў — гэта будзе магчымасць ацаніць яго моц», — адзначае Портнікаў.

20 траўня 2019 года Уладзімір Зяленскі прыняў прэзідэнцкую прысягу ў парламенце Украіны.

«Кожны з нас — прэзідэнт. Не тыя 73 працэнты, якія прагаласавалі за мяне, а ўсе 100 працэнтаў украінцаў. Гэта не толькі мая перамога, гэта перамога ўсіх нас. І гэта наш агульны шанец. Прысягу сёння прымаў не толькі я, мы яе прымалі ўсе. З сённяшняга дня кожны з нас нясе адказнасць за дзяржаву», — сказаў ён у інаўгурацыйнай прамове.

Па словах Портнікава, прэзідэнцтва Зяленскага можна падзяліць на два перыяды.

«Гэта перыяд перад поўнамаштабным уварваннем і перыяд вайны. Вядома, гэта зусім іншы ўзровень выклікаў. Ацэньваць гэтыя два перыяды даволі складана. Я думаю, што ў 2019 годзе і сам прэзідэнт, і большая частка грамадства не ўсвядоміла ўвесь маштаб выклікаў», — адзначае ён.

«Прэзідэнт, як вы ведаеце, быў абраны з лозунгам, што трэба скончыць вайну, канфлікт, які быў у 2014-2019 гадах, які ў прынцыпе быў замарожаным канфліктам, таму што мы стаміліся ад вайны. Гэта гаварыў не толькі прэзідэнт, гэта гаварылі простыя людзі на вуліцах, і прэзідэнт быў фактычна адлюстраваннем гэтага грамадскага запыту», — падкрэслівае Портнікаў.

Паводле яго слоў, «большасць людзей мяркуе, што вайна скончыцца аднаўленнем тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны і разгромам Расіі. Аднак грамадства не вельмі разумее, якімі інструментамі трэба гэтага дасягнуць. А галоўнае, не хоча браць у гэтым непасрэдны ўдзел, — кажа Портнікаў.

«Мы цудоўна разумеем мэты гэтай вайны, мэты Уладзіміра Пуціна і большасці расіян. Прыбраць Украіну з палітычнай мапы свету, выгнаць большасць людзей, якія лічаць сябе ўкраінцамі паводле сваёй ідэнтычнасці. Акупаваць тое, што Расія лічыць свае гістарычныя тэрыторыі — гэта стандартны гістарычны выклік, праз які многія народы засталіся на палітычных картах свету, а іншыя — зніклі Адрознівае нас ад папярэдніх стагоддзяў нашай гісторыі тое, што пэўная дзяржава валодае ядзернай зброяй», — заключае журналіст.

PAP/вх