Ізраільскі ўрад паддаўся ціску з боку ўладаў ЗША і адмовіўся ад планаў буйнога наступу на горад Рафах на поўдні сектара Газа; Канцэпцыя накіравання туды дзвюх армейскіх дывізій больш не актуальная, - паведаміла амерыканская газета «Washington Post».
ЗША спадзяюцца, што дзеянні Ізраілю ў больш абмежаваным маштабе дазволяць пазбегнуць вялікай колькасці ахвяр сярод мірных палесцінцаў. Ізраільскі бок, у сваю чаргу, разлічвае, што новы план аперацыі ў Рафаху не сустрэне супрацьдзеяння амерыканскага прэзідэнта Джо Байдэна - падкрэслілала «WP».
Канцылярыя прэм'ер-міністра Ізраіля Біньяміна Нетаньяху 6 мая заявіла, што ваенны кабінет аднагалосна ўхваліў ваенную аперацыю ў Рафаху, каб «аказаць ціск на ХАМАС». Паводле ізраільскіх уладаў, там хаваюцца чатыры апошнія батальёны байцоў гэтай палесцінскай тэрарыстычнай арганізацыі.
Праз дзень ізраільская армія ўзяла пад свой кантроль палесцінскі бок памежнага пераходу Рафах, паміж Сектарам Газа і Егіптам. З таго часу ключавы маршрут, па якім палесцінцам дастаўлялася гуманітарная дапамога, быў закрыты.
У панядзелак міністр абароны Ізраіля Ёаў Галант заявіў аб пашырэнні маштабаў ваеннай аперацыі ў Рафаху.
У гэтым горадзе з даваенным насельніцтвам каля 250 тысяч жыхароў цяпер знайшлі прытулак прыкладна 1,4 мільёна з 2,3 мільёна палесцінцаў з Сектара Газа. Паводле звестак уладаў ЗША і ААН, за апошнія дні з Рафаха было эвакуявана прыкладна 800 тысяч чалавек. Міжнародная супольнасць папярэдзіла, што ізраільскі наступ прывядзе да новых ахвяр сярод мірнага насельніцтва і пагоршыць і без таго катастрафічную гуманітарную сітуацыю ў Сектары Газа.
ХАМАС, які кіруе на гэтай тэрыторыі, ажыццявіў узброенае ўварванне ў Ізраіль 7 кастрычніка 2023 года, у выніку якога былі забітыя прыкладна 1200 чалавек, большасць з іх мірныя жыхары, і прыкладна 240 былі выкрадзены.
PAP/юл