У Балтыйскім моры завяршаецца падрыхтоўка да ваенна-марскіх вучэнняў НАТА BALTOPS 24, актыўная фаза якіх адбудзецца з 7 па 20 чэрвеня. Вучэнні стануць самымі вялікімі ў гісторыі альянса – у іх прымуць удзел 50 ваенных караблёў і 80 самалётаў з 20 краін НАТА.
«Расія ў апошнія месяцы і тыдні робіць розныя заявы аб магчымым пераглядзе межаў у Балтыйскім рэгіёне, ёсць прыкметы павелічэння рызык для падводнай інфраструктуры, і ўсе гэтыя пытанні і пагрозы адлюстраваны ў цяперашніх вучэннях НАТА», – сказаў начальнік ваенна-марскіх аперацый НАТА Гедрус Прэмянецкас.
Вучэнні закрануць усю акваторыю Балтыйскага мора. Усяго падчас вучэнняў Клайпедскі порт прыме 32 ваенныя караблі, найбуйнейшым з якіх зʼяўляецца 210-метровы эсмінец ВМФ ЗША «Нью-Ёрк».
«Асноўныя задачы – патруляванне гавані, лагуны, аперацыі па перакідванні асабовага складу і тэхнікі, а таксама ахова караблёў саюзнікаў», – сказаў Прэмянецкас.
Арганізатарамі вучэнняў BALTOPS 24 зʼяўляюцца Ваенна-марскі флот ЗША ў Еўропе і Афрыцы і 6-й амерыканскі флот, а кіраванне імі будзе ажыццяўляць штаб Марскіх ударных сіл і сіл падтрымкі НАТА.
iar/pap/ez