Сёння ў сілу ўваходзіць новае пагадненне Еўрасаюза з Украінай аб бязмытным гандлі, але з абмежаваннямі на імпарт. Новая дамова ўведзеная на год.
Супольнасць адкрыла свой рынак для ўкраінскай прадукцыі праз некалькі месяцаў пасля поўнамаштабнага нападу Расіі, у чэрвені 2022 года. Спачатку ніякіх абмежаванняў не было, яны былі ўведзеныя толькі пасля пратэстаў польскіх фермераў. Польшча, як прыфрантавая краіна, найбольш уразлівая да празмернага наплыву прадуктаў з Украіны.
Новая дамова, з пункту гледжання інтарэсаў польскіх фермераў, лепшая за папярэднюю. На думку старшыні Польскай федэрацыі вытворцаў харчавання Анджэя Гантнэра(Andrzej Gantner), змены – крок у правільным кірунку, але яны не вырашаць усіх праблемаў:
- З аднаго боку маем справу з новым пагадненнем, на якое пагадзіліся ўсе еўразвязаўскія краіны, з другога – з гэтак званымі экстраннымі тармазамі, а з трэцяга – краіны, якія будуць паводзіцца паводле сваіх эканамічных і грамадскіх інтарэсаў. І тут бачым выразныя розніцы паміж прыфрантавымі краінамі, а краінамі такімі, як Іспанія ці Італія, патрэбы якіх іншыя.
Абмежаванні на імпарт з Украіны ахопліваюць: яйкі, цукар, кураціну, кукурузу, авёс, крупы і мёд. Яны будуць вызначацца на падставе абʼёмаў імпарту пачынаючы з сярэдзіны 2021 года да канца мінулага года.
Пшаніцы ў спісе абмежаваных прадуктаў няма, бо на гэта не было згоды ў ЕС. Аднак камісія абавязаная ўважліва сачыць за сітуацыяй і рэагаваць у выпадку збояў на рынку. Акрамя таго, па просьбе Польшчы ў пагадненне былі ўключаныя так званыя экстранныя тармазы.
Гаворка ідзе пра тое, што Еўракамісія абавязаная ўвесці абмежаванні на імпарт той ці іншай прадукцыі з Украіны на працягу двух тыдняў з моманту зафіксавання дэстабілізацыі на сельскагаспадарчым рынку ў, які мінімум, адной краіне ЕС. Дагэтуль для ўмяшальніцтва камісіі трэба было даказаць збой на ўсім рынку ЕС.
IAR/аз