Для каардынацыі дапамогі Украіне на амерыканскай базе ў Германіі будзе створаны штаб НАТА. Пра гэта паведаміў генеральны сакратар альянсу Енс Столтэнберг, які таксама заявіў, што НАТА бярэ на сябе каардынацыю падтрымкі з боку ЗША. Тэму працягвае карэспандэнт Польскага радыё Адам Гурчэўскі:
- З аднаго боку, Енс Столтэнберг паведаміў, што дэталі новага падыходу да каардынацыі будуць узгодненыя ў пачатку ліпеня, падчас саміту НАТА ў Вашынгтоне. З іншага боку, ён назваў дакладнае месца размяшчэння штаба новай каардынацыйнай структуры.
«Камандаванне НАТА будзе знаходзіцца на амерыканскай базе ў Вісбадэне ў Германіі. Ва ўсходняй частцы альянсу таксама будуць створаны вузлы матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння пад камандаваннем трохзоркавага генерала, які падпарадкоўваецца Вярхоўнаму галоўнакамандуючаму абʼяднанымі ўзброенымі сіламі ў Еўропе», – сказаў генсакратар НАТА.
Паводле нямецкіх СМІ, гаворка ідзе пра Польшчу і Румынію.На амерыканскай базе ў Вісбадэне на захадзе Германіі працуе больш за 50 тысяч чалавек, з якіх чвэрць – вайскоўцы. Гэта адно з самых важных месцаў для амерыканскіх войскаў у Еўропе. У будучыні тут будзе праходзіць каардынацыя паставак зброі ва Украіну і падрыхтоўка ўкраінскіх вайскоўцаў.
IAR/аз