Беларуская Служба

Саміт міра: Reuters даведалася, што ўвойдзе ў выніковую дэкларацыю

16.06.2024 09:48
З дэкларацыі выдалілі папярэдняе сцвярджэнне аб «расійскай агрэсіі», замяніўшы яго на «вайну».
      .
Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі на сустрэчы ў Швейцарыі.Фота: PAP/EPA/ALESSANDRO DELLA VALLE / POOL

У Швейцарыі з 15 па 16 чэрвеня праходзіць Глабальны саміт міра, прысвечаны вайне ва Украіне. Пасля яго завяршэння краіны-ўдзельніцы павінны прыняць выніковую дэкларацыю.

Агенцтва Reuters змагло азнаёміцца з праектам дакументу і раскрыла, што туды ўвайшло. У прыватнасці, у выніковай дэкларацыі ўдзельнікі абвінавачваюць вайну Расіі супраць Украіны ў прычыненні «буйнамаштабных чалавечых пакут і разбурэнняў». Таксама яны заклікаюць паважаць тэрытарыяльную цэласнасць Украіны.
Як дадаецца, у дакуменце адзначаецца неабходнасць вярнуць Кіеву кантроль над Запарожскай АЭС і доступ да марскіх партоў Украіны. Асобна варта адзначыць, што з дэкларацыі выдалілі папярэдняе сцвярджэнне аб «расійскай агрэсіі» і яго замянілі на «вайну».

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі назваў наведванне саміту паспяховым і спрагназаваў, што «творыцца гісторыя». «Сёння дзень, калі свет пачынае набліжаць справядлівы мір», – сказаў ён лідарам, якія сабраліся за вялікім прамавугольным сталом.

У Офісе прэзідэнта заявілі, што бягучы саміт з'яўляецца «інаўгурацыйным і пачатковым», таму што ён запускае працэс і не мае на мэце вырашыць усе праблемы, звязаныя з агрэсіяй РФ. На мерапрыемстве ўзнімаюць толькі тры пытанні: ядзерную бяспеку, харчовую бяспеку і вызваленне ўсіх палонных і дэпартаваных украінцаў.

Зяленскі заклікаў краіны-ўдзельніцы мірнага саміту ў Швейцарыі да актыўнай працы над Формулай міра, каб на другім саміце зафіксаваць рэальны канец вайны, якую пачала Расія.

Паводле УНІАН

нг