Расіяне нанеслі авіяўдар па Кіеву і наваколлям украінскай сталіцы. Украінскія абаронцы адбілі яго сродкамі супрацьпаветранай абароны, аб чым паведаміў мэр горада Віталь Клічко. На апублікаваных у інтэрнэце кадрах відаць, як крылатыя ракеты пралятаюць над сталіцай.
У сваю чаргу, украінцы ноччу здзейснілі атаку з беспілотнікаў, у прыватнасці, на захад Бранскай вобласці Расіі. Паводле дадзеных уладаў, знішчана не менш за 23 беспілотнікі. СПА працавала таксама ў Смаленскай вобласці.
Расійскія войскі нарошчваюць тэмпы сваіх нападаў у Данецкай вобласці, адначасова памяншаючы інтэнсіўнасць на поўначы Харкаўскай вобласці. Гэта можа сведчыць аб падрыхтоўцы да летняга наступу або яго пачатку.
Пра гэта паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW). На думку экспертаў, наступленне расіян на Харкаўшчыне мае на мэце перш за ўсё зафіксаваць і адцягнуць УСУ, каб даць магчымасць акупантам актывізавацца на іншых участках фронту.
У прыватнасці, захопнікі павялічылі інтэнсіўнасць атак на напрамку Тарэцк-Горлаўка ў ноч на 18 чэрвеня і падтрымлівалі адносна высокую інтэнсіўнасць атак на гэтым участку з 19 па 22 чэрвеня. Вораг нават атрымаў некалькі тактычных перамог на гэтым участку.
Гэтая актывізацыя і інтэнсіфікацыя прыцягваюць увагу, бо цягам гэтага года расіяне не праяўлялі актыўнасці на гэтым участку. Пры гэтым на поўначы Харкаўшчыны тэмпы аперацый рэзка знізіліся.
Украінскія крыніцы таксама пацвярджаюць, што некаторыя ўкраінскія падраздзяленні перакінулі на Харкаўскі напрамак з Данецкай вобласці, таму акупанты могуць выкарыстоўваць гэтую меркаваную слабасць украінскіх пазіцый для ўзмацнення нападаў, асабліва на напрамку Тарэцк-Горлаўка.
Акрамя таго, супернік падтрымлівае высокую інтэнсіўнасць абстрэлаў у кірунку Часавога Яра і вакол Аўдзееўкі і можа неўзабаве ўзмацніць напады. Усё залежыць ад таго, ці вызначыць расійскае камандаванне найбліжэйшыя тыдні як спрыяльны час для наступлення тут да таго, як Сілы абароны перадыслакуюць рэзервы назад у Данецкую вобласць.
Як адзначаецца, летні контрнаступ, верагодна, будзе засяроджаны на ўсходзе Украіны, пасля наступлення на поўначы. Апошняе ж мела на мэце расцягнуць абмежаваныя рэсурсы Украіны.
Сярод экспертаў і СМІ даўно распаўсюджваецца інфармацыя аб магчымым надыходзе расійскіх войскаў на фронце. Спачатку меркавалася, што гарачым напрамкам могуць стаць Харкаўская і Сумская вобласць. Пасля стала вядома, што акупанты спрабуюць вывесці частку падраздзяленняў з раёна Ваўчанска з-за страты іх баяздольнасці.
Прадстаўнік аператыўна-тактычнай групоўкі войскаў "Харкаў" Юрый Поўх адзначыў, што агульная стабілізацыя фронту на Харкаўскім напрамку азначае, што вораг губляе свой асабовы склад у беспаспяховых атаках і не мае магчымасці нават з дапамогай тэхнікі рушыць наперад.
Страты ворага сярод афіцэраў сярэдняга звяна не дазваляюць суперніку ажыццяўляць наступальныя дзеянні буйнымі злучэннямі. Праціўнікі могуць загнаць у адну кропку 100 танкаў, але наступаць імі не здольныя, падзяліўся ваенны эксперт Іван Кірычэўскі.
IAR/УНІАН/нг