Уладзімер Зяленскі напісаў, што дзень першых перамоваў аб уступленні ў Еўрасаюз – гэта пачатак сяброўства Украіны ў супольнасці.
Прэзідэнт Украіны напісаў на платформе X, што падпісаў заяўку на сяброўства 28 лютага 2022 году, адразу пасля пачатку расійскага ўварвання. У чэрвені таго ж года Украіна атрымала статус кандыдата, а ў снежні 2023 года было прынята рашэнне пачаць перамовы.
-Я ўдзячны абаронцам Украіны, нашай краіны і народа. Я ўдзячны камандзе, якая робіць усё, каб мы сталі часткай Еўрасаюза. Мы ніколі не дамо адсунуць сябе ад шляху да аб'яднанай Еўропы, наш агульны дом усіх еўрапейскіх народаў, дом, дзе мір, – напісаў Уладзімір Зяленскі.
Падзея стратэгічнага значэння і здзяйсненне мараў украінцаў – так на Дняпры ацэньваюць пачатак перамоваў Украіны аб уступленні ў ЕС. У той жа час украінцы ўсведамляюць, што да сяброўства ў суполцы яшчэ далёка.
Украінскі палітолаг Уладзімер Фясенка ў інтэрвʼю Польскаму радыё зазначае, што для пераважнай большасці ўкраінскага грамадства пачатак перамоваў з ЕС з’яўляецца пацверджаннем заходніх памкненняў.
-Гэта важна са стратэгічнага пункту гледжання, таму што гэта ўмова мадэрнізацыі краіны. Для нас важны сам рух да Саюзу, бо гэты рух стымулюе барацьбу з карупцыяй і ўнутраныя рэформы. Гэта вельмі важна для ўкраінцаў.
Эксперт падкрэслівае, што на Дняпры ніхто не мае ілюзій, што Украіна хутка ўвойдзе ў ЕС. Самая галоўная праблема – вайна, якая працягваецца. Аднак палітолаг дадае, што менавіта вайна паскорыла працэс інтэграцыі
-Еўрасаюз убачыў, што ўкраінцы здольныя і гатовыя змагацца не толькі за сваю краіну, але і за свабоду і еўрапейскія каштоўнасці.
Паводле сацыялягічных даследаванняў, 85% людзей хацелі б, каб іх краіна была ў Еўрасаюзе.
ав