Беларуская Служба

У Чорным моры знойдзена больш за сто мін

17.07.2024 15:10
Дадатковая праблема ў тым, што міны пагражаюць турыстам, якія адпачываюць на пляжах Чорнага мора.
 ,
Чорнае мора, БалгарыяПольскае радыё/Яланта Смялоўская

З пачатку вайны ва Украіне ВМС Румыніі, Турцыі і Балгарыі выявілі больш за сотню дрэйфуючых марскіх мін.

Пытанне абмяркоўвалася падчас сустрэчы прадстаўнікоў ваенна-марскіх сіл гэтых краін. Дадатковая праблема ў тым, што міны пагражаюць таксама турыстам, якія адпачываюць на пляжах Чорнага мора.

У гэтым рэгіёне Чорнага мора некалькі тыдняў дзейнічае група, якая спецыялізуецца на абясшкоджванні марскіх мін. Сустрэча ваенна-марскіх камандзіраў Румыніі, Турцыі і Балгарыі ў румынскай Канстанцы мела на мэце, у тым ліку, падвесці першыя вынікі дзейнасці падраздзялення.

Намеснік флоту Румыніі Марыян Чубатару паведаміў, што з пачатку расійскай агрэсіі супраць Украіны былі выяўленыя 103 міны. Многія з іх небяспечна плавалі каля турыстычных пляжаў, а таксама вядомыя выпадкі, калі расійскія марскія міны знаходзілі на сушы. Кіраўнік міжнароднай групы MCM Black Sea Юсуф Карагулле заявіў, што з-за мін рух гандлёвых суднаў у гэтым рэгіёне вельмі ўскладнены і небяспечны.

Па словах вайскоўцаў, каб пазбегнуць рызыкі выбуху мін, неабходна яшчэ больш узмацніць маніторынг Чорнага мора.

яс/Пётр Пентка