Беларуская Служба

Еўрапарламент пераабраў Урсулу фон дэр Ляен на пасаду старшыні Еўракамісіі

18.07.2024 16:16
Урсула фон дэр Ляен абяцае рабіць асаблівы акцэнт на абароне, прапанаваўшы стварыць новую пасаду камісара па абароне, які ўзначаліць Еўрапейскі абаронны саюз.
Урсула фон дэр Ляен пасля пераабрання на пасаду старшыні Еўракамісіі Фота: PAP/EPA/RONALD WITTEK

Еўрапейскі парламент у чацвер, 18 ліпеня, прагаласаваў за тое, каб Урсула фон дэр Ляен была вылучана на пасаду старшыні Еўракамісіі яшчэ на адзін пяцігадовы тэрмін. У ходзе галасавання 401 еўрадэпутат выказаўся за, 284 – супраць і 15 устрымаліся. У галасаванні прынялі ўдзел 707 еўрадэпутатаў.

Кандыдатуру фон дэр Ляен раней падтрымалі лідары 25 з 27 дзяржаў-членаў ЕС на саміце 27 чэрвеня. Прэм'ер-міністр Італіі і лідэр партыі «Італьянскія браты» Джорджыя Мелоні ўстрымалася пры галасаванні, а прэмʼер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан прагаласаваў супраць.

Кааліцыя правацэнтрыстаў, сацыял-дэмакратаў і лібералаў, якая падтрымала фон дэр ля Ляен, мае большасць у ЕП. Пасля еўрапейскіх выбараў у чэрвені ў мае агулам 401 голас.

Перад галасаваннем Урсула фон дэр Ляен прадставіла Еўрапарламенту сваё бачанне больш моцнай Еўропы. Сярод ключавых ініцыятыў пераабранай старшыні Еўракамісіі новы прамысловы план, які павінен паскорыць дасягненне вугляроднай нейтральнасці і прамысловага росту, а таксама Еўрапейскі фонд канкурэнтаздольнасці для стымулявання інавацый.

Урсула фон дэр Ляен абяцае рабіць асаблівы акцэнт на абароне, прапанаваўшы стварыць новую пасаду камісара па абароне, які ўзначаліць Еўрапейскі абаронны саюз. Палітык заклікае да стварэння комплекснай сістэмы супрацьпаветранай абароны – Еўрапейскага паветранага шчыта і стварэння «моцнага сімвала еўрапейскага адзінства ў пытаннях абароны».

Палітык таксама запэўніла ў нязменнай падтрымцы Украіны з боку ЕС, заявіўшы, што «Еўропа будзе падтрымліваць Украіну столькі, колькі спатрэбіцца».

Яна таксама абʼявіла аб стварэнні новых пасадаў еўрапейскіх камісараў: па жыллёвым будаўніцтве; па Міжземнаморскім рэгіёне, па міжпакаленчай справядлівасці.

У адпаведнасці з заканадаўствам ЕС, старшыня Еўракамісіі прымае рашэнні аб арганізацыі Камісіі, размяркоўвае партфелі паміж асобнымі камісарамі, вызначае палітычны парадак дня і прадстаўляе ЕК на пасяджэннях Еўрапейскай рады, самітах G7 і G20, самітах з краінамі, якія не ўваходзяць у ЕС і г. д.

pap/эж