У канцы жніўня ў краіне таксама адкрыюць парк контрмабільнасці. Улады маюць намер стварыць больш такіх месцаў у краіне.
Контрмабільнасць прадугледжвае прадухіленне манеўраў войскаў праціўніка.
«22 жніўня мы запросім вас на адкрыццё аднаго з такіх паркаў. Гэта будзе інжынерны парк у Падброддзі», — сказаў міністр абароны Літвы Лаўрынас Кашчунас.
Ён паведаміў, што такіх пляцовак будзе 27 па ўсёй краіне. Яны будуць стварацца кожны тыдзень. Кожны з такіх паркаў павінен быць абсталяваны сродкамі, якія будуць спыняць або запавольваць праціўніка. У арсенал абарончых канструкцый увойдуць гэтак званыя зубы дракона або супрацьтанкавыя сталёвыя вожыкі.
Кіраўнік літоўскага ведамства таксама паведаміў, што пастаянныя ўмацаванні будуць пабудаваны ў двух месцах. Восенню пачнуцца работы па ўмацаванні асобных мастоў. План абароны таксама прадугледжвае набыццё наземных і марскіх мін і ўстаноўку бар'ераў бяспекі, сярод іншага, уздоўж нацыянальных дарог.
На ўсе гэтыя мерапрыемствы Вільня плануе вылучыць 600 мільёнаў еўра цягам наступных 10 гадоў.
IAR/вх