Беларуская Служба

Пісторыус: Нашы планы па размяшчэнні ракет нельга параўнаць з планамі 1980-х гадоў

31.07.2024 18:16
Улады ЗША і Германіі дамовіліся ў ліпені аб размяшчэнні ракет далёкага радыусу дзеяння на тэрыторыі Германіі з 2026 года, што было раскрытыкавана некаторымі нямецкімі палітыкамі. Міністр абароны Барыс Пісторыус падкрэсліў, што запланаванае размяшчэнне ўзбраенняў непараўнальнае з размяшчэннем пасля г.зв. падвойнага рашэння НАТА ў 1980-х гг..
Minister obrony Niemiec
Minister obrony NiemiecShutterstock/Alexandros Michailidis

У кулуарах нядаўняга саміту НАТА ў Вашынгтоне ўлады ЗША і Германіі абвясцілі, што ЗША ў 2026 годзе пачнуць размяшчаць на тэрыторыі Германіі ракеты далёкага радыусу дзеяння, у тым ліку гіпергукавыя, SM-6 і «Тамагаўк». Гэта з'яўляецца адказам на пагрозы з боку Расіі.

Рашэнне ЗША і Германіі стала нечаканасцю для многіх дэпутатаў Бундэстага. Некалькі партый, у тым ліку СДПГ Барыса Пісторыуса, раскрытыкавалі пагадненне аб размяшчэнні зброі далёкага дзеяння і заклікалі да яго абмеркавання ў нямецкім парламенце. «Гэта не тая тэма, якую трэба загадзя абмяркоўваць у парламенце. Гэта таксама не параўнальна з падвойным рашэннем NATO з 1980-х гадоў, таму мы павінны ўважліва раздзяляць гэтыя справы», – сказаў кіраўнік Мінабароны Германіі, якога цытуе сайт «Die Welt».

Пісторыус падкрэсліў, што плануецца разгортванне звычайнай зброі без ядзерных боегаловак. «Гэта трэба вельмі выразна падкрэсліць, каб супакоіць усіх тых, хто тут зацікаўлены», – сказаў міністр абароны Германіі. Як ён адзначыў, зброя прызначана для забеспячэння «рэальнага стрымлівання».

«Гаворка ідзе пра ліквідацыю разрыву з нашага боку. Не для таго, каб нікому пагражаць, але каб ясна даць зразумець, што магчымы напад на тэрыторыю НАТА і яго саюзнікаў будзе мець такую ​​высокую цану для Расіі, што рызыка больш не паддаецца разліку», – сказаў Пісторыус.

У 1979 г. НАТА прыняло т. зв двайное рашэнне аб размяшчэнні ядзерных ракет у Еўропе – у адказ на размяшчэнне савецкіх ракет сс-20, якія маглі дасягнуць цэляў у заходняй Еўропе. Гэтае рашэнне выклікала пратэсты ў Заходняй і Усходняй Нямеччыне.

PAP/вх