На палігоне пад Вільнюсам пачалося будаўніцтва ваеннага гарадка для нямецкай брыгады, якая ў бліжэйшыя гады будзе дыслакавацца ў Літве.
Немцы пачалі перакідваць да літоўска-беларускай мяжы ваенную тэхніку. Яна будзе выкарыстоўвацца ў бліжэйшых ваенных вучэннях. На палігоне ў Рудніках пабудуюць ваенны гарадок.
Прэм'ер-міністр Літвы Інгрыда Шыманітэ падчас сімвалічнай цырымоніі закопвання капсулы з нагоды пачатку будаўніцтва заявіла, што мэта будаўніцтва аб'екта не ў тым, каб напалохаць або пагражаць іншай краіне.
«Мы павінны быць упэўнены, што калі ўзнікне такая неабходнасць, у нас не будзе браку волі і сілаў, каб той, хто захоча праверыць нашы магчымасці, пашкадаваў аб сваім рашэнні, - сказала кіраўніца ўрада Літвы Інгрыда Шыманітэ. — Без нашай бяспекі няма бяспекі нашых саюзнікаў. Без іх бяспекі немагчымая наша».
Па словах кіраўніка Мінабароны Літвы Лаўрынаса Кашчунаса, будаўніцтва аб'екта будзе спрыяць стварэнню «сур'ёзнай архітэктуры бяспекі».
З сённяшняга дня да 22 жніўня Германія перакідвае ў Літву 650 адзінак ваеннай тэхнікі. Калоны будуць ісці па дарозе ад мяжы з Польшчай да палігона ў Падброддзі на ўсходзе Літвы. Абсталяванне будзе выкарыстоўвацца ў вучэннях «Grand Eagle-2/24», якія павінны дапамагчы вызначыць, наколькі хутка бундэсвер зможа перакінуць туды свае сілы і абараніць усходні фланг NATO.
Пачатак вучэнняў запланаваны на 8 верасня.
IAR/вх