Паліцыя Інданезіі абвясціла ў пятніцу, што затрымала сем чалавек за «тэрарыстычныя пагрозы» ў адрас Папы Францішка, які толькі што скончыў свой візіт у самую густанаселеную мусульманскую краіну, паведамляе Channel News Asia.
Падазраваныя былі затрыманыя як у Джакарце - сталіцы краіны - так і ў правінцыях Заходняя Суматра і Кепулаўан Бангка Белітунг, сказаў Асвін Сірэгар, прэс-сакратар інданезійскага антытэрарыстычнага падраздзялення. Затрыманыя нібыта пагражалі праз Інтэрнэт выбухамі падчас грамадскіх сходаў. «Таксама былі пагрозы падпалу», — сказаў прэс-сакратар.
Падрабязнасцяў аб затрыманых, у тым ліку іх веравызнання, паліцыя не раскрывае, але, партал нагадвае, што Інданезія працяглы час змагаецца з ісламісцкімі пагрозамі. У 2002 годзе ў выніку нападу на Балі загінулі 202 чалавекі, у тым ліку польскі журналіст.
У сувязі з візітам Папы ўлады Інданезіі разгарнулі ў ключавых месцах 4000 функцыянераў, у тым ліку снайпераў.
У пятніцу Францішак выехаў з Інданезіі ў Папуа-Новую Гвінею.
У Інданезіі пражывае больш за 240 мільёнаў мусульман, што складае прыкладна 87% насельніцтва. Хрысціяне складаюць 11%, астатнія - пераважна індуісты і людзі, якія атаясамліваюць сябе з будызмам або канфуцыянствам.
Фармальна канстытуцыя краіны гарантуе інданезійцам свабоду веравызнання, але правілы, уведзеныя ў 1960-х гадах, патрабавалі ад кожнага інданезійца запісваць сваю рэлігію ў пасведчанні асобы. Выбар быў закрыты і абмежаваны ісламам, пратэстантызмам, каталіцызмам, будызмам, індуізмам і канфуцыянствам. Варыянт «неканфесійны» не прадугледжаны. У апошнія гады, аднак, было прызнана, што таксама павінна быць уведзена сёмая катэгорыя: «практыкуючы веру». Як ацаніла ў студзені гэтага года Human Rights Watch, сёмую катэгорыю абралі прыкладна 140 тысяч інданезійцаў, якія вызнаюць мясцовыя культы.
ав