Meta, якой належыць, сярод іншага, Фэйсбук, абвясціў у панядзелак, што заблакуе прысутнасць крамлёўскага тэлебачання RT і іншых расійскіх дзяржаўных СМІ ў сваіх дадатках. Meta сцвярджае, што гэтыя СМІ рознымі спосабамі спрабуюць паўплываць на вынікі амерыканскіх выбараў.
«Пасля ўважлівага разгляду мы пашырылі нашы дзеянні ў дачыненні да расійскіх дзяржаўных СМІ. RT і іншыя звязаныя арганізацыі цяпер глабальна заблакіраваны ў нашых праграмах з-за замежнага ўмяшання», — заявіла Meta.
Чакаецца, што забарона пачне дзейнічаць у бліжэйшыя дні. Праграмы Meta таксама ўключаюць Instagram, WhatsApp і Threads.
Reuters падкрэслівае, што забарона азначае відавочную эскалацыю дзеянняў найбуйнейшай у свеце кампаніі сацыяльных сетак супраць расійскіх дзяржаўных СМІ. Раней яны абмяжоўваліся, напрыклад, блакаваннем рэкламы і абмежаваннем ахопу пастоў.
«Заява Meta прагучала пасля таго, як у гэтым месяцы Злучаныя Штаты абвінавацілі двух супрацоўнікаў RT у адмыванні грошай і нібыта ў арганізацыі плана па найму амерыканскай кампаніі для вытворчасці анлайн-матэрыялаў, накіраваных на аказанне ўплыву на выбары ў ЗША ў 2024 годзе», — адзначае Reuters.
У мінулую пятніцу дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што дзейнасць расійскіх дзяржаўных СМІ, у тым ліку RT, варта разглядаць як сакрэтныя аперацыі спецслужбаў.
Meta кажа, што ў мінулым бачыла, як кантраляваныя дзяржавай расійскія СМІ спрабавалі схаваць сваю дзейнасць у Інтэрнэце. Як яна прагназуе, несумленныя дзеянні будуць спрабаваць выкарыстоўваць і ў далейшым.
ав