На складах у Цвярской вобласці быў знішчаны прыкладна трохмесячны запас боепрыпасаў для расійскага войска. Гэта будзе мець уплыў на фронце, піша The New York Times са спасылкай на экспертаў.
Як адзначаюць эксперты, знішчэнне буйных складоў з боепрыпасамі ў Расіі мае ключавое значэнне для Украіны, паколькі акупанты маюць значную перавагу ў агнявой моцы.
«Адзіны спосаб перамагчы расійскую армію – гэта разграміць яе матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне. Гэта знішчэнне найважнейшага кампанента вайны. Танкі і гарматы без боепрыпасаў не будуць страляць і будуць проста неэфектыўныя», – заявіў Сяргей Кузан, кіраўнік няўрадавай даследчай групы Украінскага цэнтра бяспекі і супрацоўніцтва.
Першы магутны ўдар на гэтым тыдні Украіна нанесла ў сераду – па арсенале каля горада Тарапец Цвярской вобласці. Кіраўнік цэнтра ваеннай разведкі Эстоніі палкоўнік Антс Ківісельг лічыць, што ў выніку гэтага нападу магло быць знішчана 30 000 тон снарадаў, што эквівалентна прыкладна 750 000 снарадаў.
«Гэта запас боепрыпасаў на два-тры месяцы. У выніку гэтага нападу Расія панесла страты ў боепрыпасах, і мы ўбачым уплыў гэтых страт на фронце ў бліжэйшыя тыдні», – заявіў ён.
Маштаб расійскіх страт у выніку новага нападу ў ноч на суботу яшчэ трэба будзе высветліць. Напрыклад, вядома, што на арсенале «Ціхарэцк» у Краснадарскім краі, куды «прыляцела», хутчэй за ўсё захоўваліся снарады з Паўночнай Карэі.
Аналітыкі гавораць, што Ціхарэцкі склад быў важным звяном у забеспячэнні расійскіх войскаў. Ён знаходзіцца прыкладна на аднолькавай адлегласці ад зоны баявых дзеянняў на Данбасе і ад Крыма, праз які боепрыпасы пастаўляюцца на паўднёвы фронт.
Таксама застаецца незразумелым, з якога віду зброі Украіна атакавала склады. Джасцін Бронк, старшы навуковы супрацоўнік авіяцыі і тэхналогій Каралеўскага інстытута абʼяднаных службаў, сказаў, што хапіла б і маламагутнага беспілотніка, калі боепрыпасы захоўваліся пад адкрытым небам.
Але вышэй згаданы Сяргей Кузан адзначыў, што склады боепрыпасаў былі абароненыя землянымі валамі і падземнымі бетоннымі хованкамі, з-за чаго іх было цяжка атакаваць з дапамогай беспілотнікаў.
«Для гэтага патрэбна не проста ракета, гэта павінна быць цяжкая ракета», – сказаў ён, указаўшы на ўзбраенне вялікай далёкасці, якое пастаўляюць Украіне заходнія саюзнікі, напрыклад, брытанска-французскія ракеты Storm Shadow.
Прынамсі публічна саюзнікі да гэтага часу забаранялі Украіне выкарыстоўваць гэтую зброю ў глыбіні Расіі.
Паводле УНІАН
нг