Расіяне абстрэльваюць уласную тэрыторыю ў Курскай вобласці. Такім чынам яны спрабуюць вярнуць занятыя ўкраінцамі гарады. З пачатку ўкраінскага наступу расійскія вайскоўцы скінулі на прымежныя тэрыторыі Расіі больш за тысячу кіраваных авіябомб.
Расіяне на дадзены момант запускаюць па Курскай вобласці больш кіраваных бомбаў, чым па памежнай украінскай Сумскай вобласці. Толькі за апошнія суткі на ахопленыя ўкраінскім наступам тэрыторыі ўпала 31 такая бомба, у Сумскай вобласці — 16. Усяго, паводле дадзеных Кіева, расійская авіяцыя выкарыстала на сваёй тэрыторыі каля 1300 кіраваных авіябомбаў з пачатку жніўня.
Як адзначае прэс-сакратар аператыўнай групоўкі войскаў «Сіверск» украінскай арміі Вадзім Мыснік, расіянам усё роўна, наступаць яны на Украіну ці на сваю тэрыторыю. Яны выкарыстоўваюць тую ж тактыку выпаленай зямлі і поўнага знішчэння горада.
Тым часам Міністэрства замежных спраў Расіі, якое цытуе Reuters, паведаміла, што ў выніку наступу Украіны на Куршчыне загінуў 31 мірны жыхар. У сваю чаргу, колькі з іх загінула ў выніку дзеянняў расійскай арміі, не ўдакладняецца.
IAR/нг