У ноч з серады на чацвер ХАМАС перадаў целы яшчэ чатырох закладнікаў, выкрадзеных 7 кастрычніка 2023 г. Узамен Ізраіль павінен вызваліць 602 палестынскіх зняволеных; ужо пачалося вызваленне вязняў. Гэта апошні абмен у рамках перамір'я ў вайне паміж Ізраілем і ХАМАСам у сектары Газа.
Паводле ранейшых заяваў ХАМАСа, 602 зняволеныя павінны быць вызваленыя, больш за 400 з іх будуць накіраваныя ў сектар Газа і больш за 150 - на Заходні бераг ракі Ярдан. Аўтобус з першымі палестынцамі ўжо прыбыў у Рамалу на Заходнім беразе Ярдану, паведамляе тэлеканал Аль-Джазіра.
Начны абмен адбыўся без публічных «цырымоній», раней арганізаваных ХАМАСам пры перадачы жывых закладнікаў і палонных. Больш за 600 зняволеных павінны былі быць вызваленыя ў суботу, калі ХАМАС вызваліў шасцярых закладнікаў жывымі, але Ізраіль спыніў абмен, патрабуючы спыніць прапагандысцкія спектаклі, якія зневажаюць закладнікаў.
Раней ХАМАС абвясціў, што перадасць целы Цачы Ідана, Іцыка Эльгарата, Охада Яхаломі і Шлома Манцура. Ізраільскія ўлады афіцыйна пацвердзілі смерць толькі апошняга чалавека.
Абмен з'яўляецца часткай часовага спынення агню, якое дзейнічае з 19 студзеня і, паводле першапачатковага плана, павінна было стаць апошнім этапам вяртання палонных падчас першага этапу перамір'я.
Падчас папярэдніх абменаў са студзеня ХАМАС перадаў 25 закладнікаў і чатыры целы, а ўзамен Ізраіль вызваліў 1135 палестынцаў. Хамас таксама вызваліў пяцярых тайцаў, якія таксама былі выкрадзеныя 7 кастрычніка 2023 года, але на іх не распаўсюджвалася пагадненне аб спыненні агню.
ав