Літва ў чацвер афіцыйна выйшла з Канвенцыі аб забароне касетных боепрыпасаў, якая забараняе набыццё, выкарыстанне і вытворчасць такой зброі.
Такое рашэнне прыняў Сейм Літвы ў ліпені мінулага года. Літва падала неабходныя дакументы ў ААН на пачатку восені, а паўгадавы тэрмін для ўступлення ў сілу рашэння аб выхадзе з канвенцыі скончыўся 6 сакавіка, нагадвае агенцтва BNS.
Сваё рашэнне аб выхадзе з канвенцыі Літва матывуе тым, што гэтая зброя выкарыстоўваецца Расіяй, таму неабходныя ўсе меры для стрымлівання патэнцыйнага агрэсара.
Крытыкі выкарыстання гэтых боепрыпасаў ва ўзброеных канфліктах сцвярджаюць, што іх выкарыстанне стварае непрапарцыйную небяспеку для грамадзянскага насельніцтва.
Улады Літвы заяўляюць, што прымуць усе неабходныя меры для змякчэння магчымых наступстваў прымянення касетных боепрыпасаў. Вільня таксама разглядае магчымасць выхаду з Атаўскай канвенцыі аб забароне выкарыстання супрацьпяхотных мін. Рашэнне па гэтым пытанні павінна быць прынята на працягу некалькіх месяцаў.
Канвенцыя аб забароне касетных боепрыпасаў была прынятая ў 2008 годзе і ўступіла ў сілу праз два гады. У цяперашні час удзельнікамі з'яўляюцца 111 краін свету. Сярод іх няма: Польшчы, ЗША, Расіі і Украіны.
ав