Спікер польскага Сейма Шыман Галоўня сёння распачынае двухдзённы візіт у Літву, дзе сустрэнецца, між іншым, з уладамі краіны і кіраўнікамі парламентаў краінаў Балтыі, Фінляндыі, Ісландыі і Украіны.
Візіт Шымана Галоўні звязаны з заўтрашнім святкаваннем 35-годдзя аднаўлення незалежнасці Літвы. Нагадваем, 11 сакавіка 1990 года Літва першай з савецкіх рэспублік абвясціла незалежнасць ад Савецкага Саюза. Галоўныя ўрачыстасці пройдуць у парламенце Літвы.
У сваю чаргу сёння спікер польскага Сейма сустрэнецца з прэзідэнтам Літвы Гітанасам Наўседам і кіраўніком літоўскага ўраду Гінтаўтасам Палуцкасам. Палітык таксама возьме ўдзел у перамовах спікераў парламентаў Літвы, Латвіі, Эстоніі, Фінляндыі, Ісландыі і Украіны.
У другой палове дня Шыман Галоўня ўскладзе вянок да Маўзалея Маці і Сэрца Сына – Юзэфа Пілсудскага – і ўшануе памяць студзеньскіх паўстанцаў у капліцы на могілках Росы ў Вільні.
IAR/аз