Беларуская Служба

Чэхія не выканае патрабавання НАТА аб выдатках на абарону на ўзроўні вышэйшым за 2% ВУП 

27.04.2026 10:39
Паводле ацэнак Паўночнаатлантычнага альянсу, сёлета фактычныя выдаткі Чэхіі на абарону складуць каля 1,78% ВУП.
Ілюстрацыйнае фотаImage by Martin Dlugolinský from Pixabay/CC0

Чэхія сёлета не зможа выканаць патрабаванне НАТА адносна ўзроўню выдаткаў на абарону і не дасягне неабходных двух працэнтаў ВУП. Пра гэта паведаміў прэм’ер-міністр краіны Андрэй Бабіш, спасылаючыся на разлікі Альянсу.

Нягледзячы на тое, што ў дзяржаўным бюджэце на 2026 год на абаронныя патрэбы прадугледжана 2,06% ВУП, НАТА не ўлічыла частку заяўленых выдаткаў, у прыватнасці на транспартную інфраструктуру. У выніку, паводле ацэнак Паўночнаатлантычнага альянсу, фактычныя выдаткі складуць каля 1,78% ВУП.

— Пакуль выглядае, што мы не пераадолеем неабходны парог. Я маю намер правесці перамовы з генеральным сакратаром НАТА, каб высветліць, чаму Альянс не ўлічвае выдаткі ў межах праграмы SAFE, — адзначыў прэм'ер Бабіш.

Кіраўнік урада Чэхіі раскрытыкаваў сваіх папярэднікаў, заяўляючы, што яны таксама не дасягалі неабходнага ўзроўню выдаткаў на абарону. У адказ былая міністарка абароны Чэшскай Рэсбулікі Яна Чэрнахова заявіла, што «Бабіш зноў хлусіць», падкрэсліўшы, што ў 2025 годзе патрэбны паказчык быў дасягнуты.

iar/эж