Еўрапейская камісія прадставіла першую стратэгію Еўрапейскага Саюза па барацьбе з беднасцю. Канчатковая мэта — цалкам ліквідаваць беднасць у ЕС да канца 2050 года.
Сёння кожны пяты еўрапеец, у тым ліку кожнае чацвёртае дзіця, жыве за рысай беднасці.
Нягледзячы на тое, што ЕС і яго дзяржавы-члены сем гадоў таму добраахвотна абавязаліся скараціць колькасць людзей, якія знаходзяцца пад пагрозай беднасці і сацыяльнай ізаляцыі, як мінімум на 15 мільёнаў да 2030 года, дасягненне гэтай мэты ідзе павольна.
Як прызнала ў сераду віцэ-прэзідэнт Еўрапейскай камісіі па сацыяльных пытаннях Раксана Мінзату, да 2026 года гэтая лічба скарацілася толькі на 3,5 мільёна.
92,7 мільёна чалавек (20,9%) насельніцтва ЕС, жывуць за рысай беднасці
Дзеці складаюць амаль 25% гэтай групы.
Як заявіла віцэ-прэзідэнт Еўрапейскай камісіі, хоць кожная дзяржава-член кіруе сваёй уласнай сістэмай сацыяльнага забеспячэння, ЕС адыгрывае важную ролю ў падтрымцы гэтых намаганняў і пастаноўцы мэтавых паказчыкаў.
Мэта стратэгіі — прадухіленне беднасці ад нараджэння да старасці
Такім чынам, у стратэгіі гаворыцца пра барацьбу з бяздомнасцю, з дзіцячай беднасцю, яна скіраваная на замацаванне правоў людзей з інваліднасцю — гэтая група, якая налічвае 90 мільёнаў грамадзян у ЕС, падвяргаецца большай рызыцы беднасці.
Мінстату заявіла, што, паводле даследавання Еўрастата, больш за палову еўрапейцаў называюць кошт жыцця адной са сваіх найбольшых праблем, і гэта будзе толькі пагаршацца, паколькі бягучы энергетычны крызіс прыводзіць да росту цэн.
1 мільён еўрапейцаў змагаецца з бяздомнасцю
Сітуацыю не паляпшае і паглыбленне за апошнія некалькі гадоў крызісу недахопу жылля — з 2013 года цэны на жыллё выраслі на 60%.
40% грамадзян ЕС лічаць адсутнасць даступнага жылля сур'ёзнай праблемай, а 1 мільён еўрапейцаў змагаецца з бяздомнасцю.
Канцэнтрацыя на выключаных з рынку працы
Эканамічна неактыўныя людзі асабліва схільныя да рызыкі беднасці, таму стратэгія Еўрапейскай камісіі сканцэнтравана на лепшай інтэграцыі тых, хто выключаны з рынку працы.
Стратэгія прадугледжвае ўмацаванне так званай Еўрапейскай гарантыі для дзяцей, у тым ліку забеспячэнне доступу да адукацыі, харчавання і аховы здароўя.
Еўрапейская камісія таксама звяртае ўвагу на людзей з інваліднасцю
Кожны трэці чалавек у гэтай групе ўсё яшчэ знаходзіцца пад пагрозай беднасці, а больш за палову з'яўляюцца беспрацоўнымі.
У сераду Еўрапейская камісія абвясціла, што будзе падтрымліваць краіны ЕС і іх інстытуты ў рэалізацыі стратэгіі, асабліва палажэнняў, якія тычацца дзяцей і людзей з інваліднасцю.
PAP/яс