Беларуская Служба

Суд Ізраіля выявіў парушэнні ў прызначэнні ўраджэнца Беларусі кіраўніком разведкі «Масад»

20.05.2026 15:51
У сферу дзейнасці «Масаду» ўваходзяць непасрэдна разведка, правядзенне розных аперацый пад прыкрыццём і контратэрарыстычных аперацый.
-   ()  -   .
Генерал-маёр Раман Гофман (злева) і прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху.Крыніца: Прэс-служба прэм'ер-міністра Ізраіля

У працы Камісіі па высокапастаўленых прызначэннях пад старшынствам суддзі Ашэра Груніса пры разглядзе прызначэння ўраджэнца Беларусі Рамана Гофмана на пасаду кіраўніка разведвальнай службы «Масад» выяўленыя недахопы. Пра гэта паведамляе партал «Позірк» са спасылкай на рэсурс NEWSru.co.il. Камісія павінна сабрацца зноў, каб заслухаць непаўналетняга ізраільцяніна Уры Эльмакайса і брыгаднага генерала «Масаду« (імя не раскрываецца), пастанавіў Вышэйшы суд справядлівасці Ізраіля.

Прызначэнне Гофмана, ваеннага сакратара прэм’ер-міністра Біньяміна Нетаніяху, аспрэчвалася ў судзе з-за яго меркаванай датычнасці да задзейнічання Эльмакайса ў разведвальнай аперацыі.

Згодна з пастановай суда, да 26 мая камісія павінна паведаміць аб завяршэнні сваёй працы, пасля гэтага будзе прынятае рашэнне аб далейшым разглядзе справы.

Старшыня камісіі Груніс выступаў супраць прызначэння Гофмана, але быў у меншасці. Скасаваць прызначэнне таксама патрабавала юрыдычная дарадчыца ўрада.

Гофман павінен уступіць на пасаду 2 чэрвеня на пяцігадовы тэрмін.

12 красавіка стала вядома, што камісія зацвердзіла кандыдатуру Гофмана кіраўніком Службы разведкі і спецыяльных заданняў («Масад»). Адзначалася, што ўказ аб прызначэнні Гофмана падпісаў Нетаньяху.

4 снежня 2025 года прэм'ер-міністр абвясціў аб рашэнні прызначыць свайго ваеннага сакратара — ураджэнца Беларусі — генерал-маёра Рамана Гофмана наступным кіраўніком «Масаду».

Гофман быў першым прадстаўніком «вялікай аліі» (масавая рэпатрыяцыя яўрэяў і членаў іх сем’яў у Ізраіль з СССР і краін СНД, якая пачалася ў 1989 годзе і завяршылася на пачатку 2000-х), які атрымаў званне брыгаднага генерала (у 2019 годзе). Камандаваў 7-й бранятанкавай брыгадай «Саар мі-Галан» і разгорнутай на Галанскіх вышынях 210-й тэрытарыяльнай дывізіяй «А-Башан».

7 кастрычніка 2023 года, будучы камандуючым цэнтрам баявой падрыхтоўкі сухапутных войскаў, Гофман адправіўся ў Сдзярот, каб узяць удзел у адбіцці нападу палестынскай групоўкі ХАМАС на Ізраіль. Атрымаў цяжкае раненне. У красавіку 2024 года Гофман быў прызначаны ваенным сакратаром прэм’ера і стаў першым генерал-маёрам «вялікай аліі».

Гофман нарадзіўся ў Мазыры (Гомельская вобласць) у 1976 годзе, рэпатрыяваўся ў Ізраіль разам з бацькамі ў 1990-м годзе.

Выхадцамі з Беларусі былі таксама прэзідэнты Ізраіля Хаім Вейцман (першы кіраўнік дзяржавы), Залман Шазар і Шыман Перэс (таксама быў прэм’ер-міністрам), прэм’еры Менахем Бегін, Іцхак Шамір, «бацька« сучаснага іўрыту Эліэзер Бэн-Іегуда і іншыя вядомыя ў Ізраілі асобы.

«Масад» — нацыянальная разведвальная служба Ізраіля, адна з асноўных трох спецслужбаў краіны разам з вайсковай разведкай і контрразведкай. Знаходзіцца пад юрысдыкцыяй прэм’ер-міністра Ізраіля.

У сферу дзейнасці «Масаду» ўваходзяць непасрэдна разведка, правядзенне розных аперацый пад прыкрыццём і контратэрарыстычных аперацый.

вс