Прэмʼер Ізраіля Біньямін Нетаньяху абвясціў аб павелічэнні акупацыі Сектара Газа да 70% яго тэрыторыі. Тэрыторыя, акупаваная ізраільскімі вайскоўцамі, аддзелена так званай «жоўтай лініяй», перасячэнне якой пагражае палестынцам смерцю.
У сераду (27 траўня) міністр абароны Ізраіля Ізраіль Кац абвясціў пра «зачыстку» Газы ад палестынцаў.
Згодна з пагадненнем аб спыненні агню, падпісаным у кастрычніку, ізраільскія вайскоўцы выціснулі жыхароў Газы з 50% тэрыторыі анклава, пазней пашырыўшы акупаваную зону да 60%.
Між тым, анклаў, дзе пражывала больш за два мільёны чалавек, ужо да вайны змагаўся з перанаселенасцю, а цяпер сітуацыя рэзка пагоршылася. Дадаткова, падчас нядаўніх баявых дзеянняў, пераважная большасць будынкаў была разбурана і тры чвэрці жыхароў Газы дагэтуль жывуць у намётах.
У мінулым годзе Ізраіль стварыў офіс па «добраахвотнай эміграцыі» і змякчыў абмежаванні на паездкі для палестынцаў, якія вырашаць здзейсніць паездку ў адзін бок. Ізраільскі ўрад адкрыта прасоўвае перспектыву Сектара Газа без палестынцаў з таго часу, як Дональд Трамп у пачатку мінулага года прапанаваў, каб сотні тысяч людзей пакінулі сектар, каб «ачысціць» яго і аднавіць.
СМІ і праваабарончыя арганізацыі папярэджваюць, што планы Ізраіля па высылцы вялікай колькасці жыхароў Газы зʼяўляюцца прэлюдыяй да этнічных чыстак.
Нагадаем, гвалтоўнае перасяленне мірных жыхароў зʼяўляецца ваенным злачынствам і злачынствам супраць чалавечнасці.
З моманту падпісання перамірʼя ў кастрычніку (10 кастрычніка) у Сектары Газа загінула больш за 900 чалавек.
IAR/аз