Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа лічыць, што Еўропа не павінна вяртацца да нармальных адносін з Расіяй, пакуль не будзе спынена вайна ва Украіне. Літоўскі лідар заявіў пра гэта падчас адкрыцця пленарнага пасяджэння Парламенцкай асамблеі НАТА, якое праходзіць у Вільні.
Прэзідэнт Гітанас Наўседа падкрэсліў, што адсутнасць выразных умоў і надзейнага стрымлівання можа толькі падбадзёрыць Маскву. Словы літоўскага лідара прагучалі ў той час, калі ў некаторых еўрапейскіх сталіцах вядуцца дыскусіі аб магчымых перамовах з Расіяй адносна спынення вайны ва Украіне.
— Паўторныя заклікі да аднаўлення адносін з Масквой не адпавядаюць патрэбам Еўропы ў бяспецы, — сказаў Наўседа.
Літоўскі лідар таксама выказаў надзею, што адным з найважнейшых вынікаў будучага саміту НАТА ў Анкары стане прыняцце новага плана развіцця інтэграванай сістэмы супрацьпаветранай абароны Альянсу.
— Нядаўнія інцыдэнты, звязаныя з парушэннямі паветранай прасторы НАТА, дэманструюць неабходнасць павелічэння інвестыцый у супрацьпаветраную абарону. Неабходная таксама больш моцная прысутнасць НАТА ў паветранай прасторы краін Балтыі і ўсяго ўсходняга флангу, — сказаў Гітанас Наўседа.
Прэзідэнт Парламенцкай асамблеі НАТА Маркас Перэстрэла падкрэсліў, што гэтыя інцыдэнты зʼяўляюцца прамым вынікам агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны.
— Незалежна ад таго, ці былі яны выкліканы наўмыснымі парушэннямі, безадказнай ваеннай дзейнасцю паблізу межаў саюзнікаў ці пабочным эфектам дзеянняў Расіі, Расія нясе за іх адказнасць, — цвёрда падкрэсліў ён.
У ходзе сесіі Парламенцкай асамблеі НАТА ў Вільні вялікая ўвага была таксама нададзена важнасці трансатлантычных сувязяў. Прэмʼер-міністр Літвы Інга Ругінене і спікер Сейма Юозас Алекас падкрэслілі, што Еўропа павінна ўмацоўваць свой уласны абарончы патэнцыял, застаючыся пры гэтым моцным партнёрам Злучаных Штатаў у рамках НАТА.
ПР/юл