Прэмʼер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер патрабуе тлумачэнняў ад паліцыі пасля смерці 18-гадовага Генры Новака. Польскага паходжання студэнт быў смяротна паранены нажом у Саўтгэмптане, але супрацоўнікі паліцыі, якія прыбылі на месца здарэння, паставіліся да яго як да падазраванага.
Нядаўна апублікаваны відэазапіс з нагруднай камеры паліцыянта выклікаў хвалю абурэння ў Вялікабрытаніі і прыцягнуў увагу грамадскасці да паводзін супрацоўнікаў паліцыі.
На апублікаваным відэа, цяжка паранены Генры кажа функцыянерам, што яго паранілі нажом і ён не можа дыхаць, але яны апранаюць на яго кайданкі. Гэта адбываецца пасля таго, як нападнік абвінавачвае 18-гадовага хлопца ў расісцкім нападзе, што пазней аказалася няпраўдай.
— Я бачыў відэазапіс з нагруднай камеры супрацоўніка паліцыі. Гэта шакуе. Як бацька 17-гадовага сына, я мушу сказаць, што мне стала фізічна дрэнна, калі я глядзеў на гэтыя сцэны. Цалкам правільна, што Незалежнае ўпраўленне па пытаннях паводзін паліцыі (IOPC) зараз расследуе гэтую справу, — сказаў прэмʼер-міністр Вялікабрытаніі.
Найбольш пытанняў тычыцца першых хвілін пасля прыбыцця паліцыі на месца здарэння. Нападнік сцвярджаў, што стаў ахвярай нападу на расавай глебе. Аднак следчыя высветлілі, што ўсё было наадварот. Генры Новак памёр ад нанесеных яму ўдараў.
Бацька забітага хлопца Марк Новак заявіў у СМІ, што яго сын дзевяць разоў казаў паліцыі, што не можа дыхаць, і чатыры разы паўтарыў, што яго паранілі нажом.
Злачынца, 23-гадовы Вікрум Дыгва, быў прысуджаны да пажыццёвага зняволення 1 чэрвеня. Ён зможа папрасіць умоўна-датэрміновага вызвалення ад пакарання толькі праз 21 год.
Аднак пасля абвяшчэння прысуду ўзніклі асцярогі, што прысуд занадта мяккі, улічваючы жорсткасць злачынства. Справу можа перагледзець Генпракурор для магчымага павелічэння тэрміну пакарання.
Незалежныя следчыя зараз вывучаюць дзеянні паліцыянтаў, якія прысутнічалі на месцы трагедыі. Сямʼя Генры Новака патрабуе адказаў на пытанне, чаму паміраючы 18-гадовы хлопец не атрымаў неадкладнай дапамогі і чаму супрацоўнікі паліцыі ставіліся да яго як да падазраванага.
Справа абурыла грамадскую думку ў Вялікабрытаніі. Учора ў Саўтгэмптане адбыліся дэманстрацыі супраць халатнасцi ў дзеяннях брытанскай паліцыі. Пратэст пераўтварыўся ў сутыкненні з функцыянерамі. Адбыліся затрыманні найбольш агрэсіўных удзельнікаў.
IAR/аз