У іспанскай Андалусіі працягваецца барацьба з маштабным лясным пажарам у правінцыі Уэльва. З-за пагрозы распаўсюджвання агню ўлады эвакуявалі больш за 360 жыхароў з навакольных населеных пунктаў.
Пажар пакуль не ўдаецца ўзяць пад поўны кантроль. Паводле ратавальнікаў, сітуацыю ўскладняюць моцны вецер і асаблівасці мясцовасці.
— Вельмі моцна дзьме вецер, вакол пашы, а доступ да тэрыторыі цяжкі, бо многія гаспадаркі абнесены агароджамі, — адзначылі ўдзельнікі аперацыі.
У тушэнні агню ўдзельнічаюць каля 270 ратавальнікаў. Да аперацыі таксама прыцягнуты пажарныя верталёты і супрацоўнікі Грамадзянскай гвардыі Іспаніі.
Пакуль невядома, якую плошчу ўжо ахапіў пажар. Улады заклікаюць жыхароў выконваць распараджэнні службаў бяспекі і быць гатовымі да магчымай далейшай эвакуацыі. Андалусія рэгулярна сутыкаецца з ляснымі пажарамі ўлетку, калі высокая тэмпература і сухое надвор’е спрыяюць хуткаму распаўсюджванню агню.
iar/эж