Беларуская Служба

Эстонія будзе здаваць у арэнду турэмныя камеры Швецыі

11.06.2026 17:11
У сераду парламент Эстоніі ўхваліў папраўку да закона, якая дазваляе ўтрымліваць у эстонскіх турмах замежных асуджаных, у асноўным са Швецыі.
Ілюстрацыйны здымакpixabay.com/tadah

Швецыя змагаецца з перагружанай пенітэнцыярнай сістэмай, а Эстонія, колькасць зняволеных у якой пастаянна скарачаецца, сутыкаецца з высокімі выдаткамі на ўтрыманне пустых камер.

Раней, у пачатку чэрвеня, шведскі парламент ухваліў двухбаковае пагадненне аб арэндзе турмаў у Эстоніі. Пагадненне дазваляе выкарыстоўваць 400 камер і пераводзіць прыблізна 600 зняволеных са Швецыі ў Эстонію для адбывання пакарання.

Паводле звестак Міністэрства юстыцыі Эстоніі, першыя шведскія зняволеныя, як чакаецца, прыбудуць у Тартускую турму ў жніўні. Эстонская турма будзе папаўняцца паступова, з хуткасцю да 100 зняволеных у квартал.

Пераведзенымі асобамі будуць у асноўным мужчыны, якія адбываюць больш працяглыя тэрміны пакарання, як правіла, за злачынствы, звязаныя з гвалтам або наркотыкамі.

Пагадненне не распаўсюджваецца на асуджаных за тэрарыстычныя злачынствы або тых, хто, верагодна, будзе працягваць здзяйсняць злачынствы падчас адбывання пакарання. Усе выдаткі, звязаныя з перамяшчэннем зняволеных, будуць пакрыты шведскай дзяржавай.

ав