Сёння ў Люксембургу Украіна пачне перамовы аб членстве у Еўрапейскім Саюзе. Гэта магчыма дзякуючы таму, што прэм'ер Венгрыі Петэр Мадзьяр зняў вета свайго папярэдніка Віктара Орбана. Украіна адкрые першы тэматычны блок перамоваў, які складаецца з некалькіх раздзелаў.
Прэмʼер Дональд Туск заявіў, што Польшча не будзе гандляваць падтрымкай амбіцый Украіны далучыцца да ЕС, а краіна павінна выканаць адпаведныя ўмовы ўступлення.
— З нашага боку не будзе ніякай паблажлівасці, — дадаў прэм’ер.
Між тым, польскія палітыкі з абодвух бакоў палітычнай сцэны згодна лічаць, што гэта добры час для вырашэння гістарычных пытанняў паміж Польшчай і Украінай.
Прэс-сакратар «Права і справядлівасці» Матэвуш Куржаеўскі(Mateusz Kurzejewski) падчас перамоваў заявіў, што нельга пазбягаць пытання аб прысваенні аднаму з вайсковых падраздзяленняў звання «Героі УПА».
— Без вырашэння пытання эксгумацыі больш за 100 000 палякаў, забітых на Валыні, без адмены рашэння ўкраінскіх уладаў назваць важныя вайсковыя падраздзяленні, у гонар забойцаў і ўкраінскіх нацыяналістаў, а таксама без вырашэння пытання польскай сельскай гаспадаркі, абароны польскіх фермераў і харчовай бяспекі Польшчы ад прытоку неправераных, танных прадуктаў харчавання з Украіны, Польшча не пагодзіцца на ўступленне Украіны ў Еўрапейскі Саюз. Мы даўно адстойваем гэтую пазіцыю, — нагадаў палітык.
Тэму гістарычнай палітыкі варта закрануць таксама паводле Роберта Крапіўніцкага(Robert Kropiwnicki) з «Грамадзянскай кааліцыі».
— Гэтае пытанне, безумоўна, будзе абмяркоўвацца. Калі ласка, памятайце, што гэта пачатак вельмі шырокіх перамоваў. Гістарычная палітыка, безумоўна, таксама будзе адным з элементаў, якія мы будзем узнімаць у гэтых дыскусіях, — кажа палітык.
Першы тэматычны блок перамоваў тычыцца, між іншым, пытанняў вяршэнства права, у тым ліку барацьбы з карупцыяй, адміністрацыйнай рэформы, судовай сістэмы і правоў чалавека. Гэты тэматычны блок заўсёды адкрываецца першым і закрываецца апошнім.
Усяго ёсць 33 раздзелы перамоваў, якія падзеленыя на шэсць блокаў. Сёння разам з Украінай перамовы аб уступленні ў ЕС пачынае таксама Малдова.
IAR/аз