Цяпер напрыканцы жніўня ў Польшчы назіраецца надзвычайная актыўнасць у публічнай прасторы: краіна рыхтуецца да маштабнага адзначэння 80-ай гадавіны пачатку Другой сусветнай вайны. Маштабы дзейства сапраўды ўражваюць: 1 верасня ў Варшаву прыбудзе 40 замежных дэлегацый.
Сёлета 1 верасня на варшаўскай Плошчы Пілсудскага, якая дарэчы, пры камуністычнай Польшчы называлася Плошча Перамогі, выступяць прэзідэнты Польшчы, Нямеччыны і Злучаных Штатаў Амерыкі.
Агулам на асноўныя памятныя мерапрыемствы з нагоды 80-ай гадавіны пачатку Другой сусветнай вайны прыбудзе аж 40 дэлегацый і гэта прыкладна 250 замежных гасцей. Дэлегацыі ачольваюць прэзідэнты, прэмеры, спікеры парламентаў і прадстаўнікі еўрапейскіх манаршых фамілій. Можным гаспадаром маштабнай урачыстасці будзе прэзідэнт Польшчы Андждэй Дуда.
Досвіткам 1 верасня 1939 года гітлераўскія Люфтвафэ дашчэнту разбамбілі горад Велюнь. Жыхары Велюня сталі першымі цывільнымі ахвярамі нямецкай агрэсіі супраць Польшчы. Менавіта ў Велюне распачнуцца жалобныя ўрачыстасці. Сёлета таксама досвіткам 1 верасня польскі лідар Анджэй Дуда і прэзідэнт ФРГ Франк-Вальтэр Штайнмаер выступяць з прамовамі.
Надзвычай красамоўным з’яўляецца той факт, што месца для расейскай дэлегацыі на такім маштабным мерапрыемстве не знайшлося. Надоечы кіраўнік адміністрацыі польскага прэзідэнта, член Саўміну Кшыштаф Шчэрскі паведаміў, што прэзідэнт Анджэй Дуда запрасіў прадстаўнікоў краінаў Еўрапейскага Звязу, блоку НАТА і Усходняга партнёрства. Як нам добра вядома, Расія не з’яўляецца чальцом аніводнай з гэтых арганізацый.
Бадай, што самым доўгачаканым госцем для цяперашніх уладароў Польшчы будзе прэзідэнт ЗША Дональд Трамп.
Амерыканскі лідар прыляціць у Польшчу ўвечары 31 жніўня. 1 верасня далучыцца да цэнтральных урачыстасцяў на варшаўскай Плошчы Пілсудзскага. А ўжо 2 верасня Дональд Трамп правядзе афіцыйныя перамовы з польскім прэм’ер-мінсітрам Матэвушам Маравецкім і прэзідэнтам Анджэем Дудам.
У 80-ую гадавіну пачатку Другой сусветнай вайны Польшча няспынна нагадвае пра тое, што паклала пачатак самай крывавай вайне ў гісторыі чалавецтва. Безумоўна гаворка ідзе пра жахлівую змову паміж двума таталітарнымі сістэмамі: Трэцім Райхам і сталінскім Савецкім Саюзам. Змова тая ўвасобілася ў пакце Молатава-Рыбентропа, паводле якога Нямеччына і СССР падзялі міжсобку Цэнтральную і Ўсходнюю Еўропу.
Прыкра, што зараз ў Расіі з’яўляецца модным перагляд жахлівага значэння Пакту Молатава-Рыбентропа, назіраецца пэўная рэабілітацыя злачынных наступстваў гэтай змовы.
Намеснік міністра замежных спраў Польшчы Шымон Шынкоўскі Вэль Сэнк паведаміў, што маштабныя ўрачыстасці ў Польшчы, гэта выдатная нагода, каб наблізіць сусветнай грамадскасці пэўныя аспекты гісторыі.
-У нас ёсць адказ на такія дзеянні. У адрозненні ад урачыстасці, якія адбываліся 10 гадоў таму, галоўным госцем якіх, тады быў прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімер Пуцін, зараз да нас прыедуць прыкладна 20 прэзідэнтаў, у тым ліку прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. Разам з імі мы будзем сумленна гаварыць пра гісторыю і падчас гэтага дыялогу ўвесь свет будзе глядзець на Варшаву, на Велюнь ды на Вестэрплятэ.
У параўнанні з Расіяй, Нямеччына і яе народ пасля цяжкага шляху дэнацыфікацыі, нацыянальнай ганьбы і трагедыі змаглі вызваліцца ад ярма злачыннай ідэалогіі і палітыкі. Нядаўна з нямецкага боку паступіла прапазіцыя ўстанавіць помнік польскім ахвярам Другой сусветнай вайны ў Берліне. Шымон Шынкосўкі Вэль Сэнк паведаміў, што ў гэтай справе не хапае канкрэтыкі.
- Перадусім мы чакаем канкрэтных заяў. Апошнім часам мы чуем мноства гучных словаў нават ад надзвычай уплывовых у Нямеччыне грамадскіх і палітычных дзеячаў. Пакуль не стае канкрэтных крокаў. У гэтым выпадку павінна быць канкрэтнае рашэнне нямецкага парламенту. Дадзеная ініцыятыва паўстала з нямецкага боку і гэта вельмі добра. Пакуль чакаем далейшых крокаў.
Намеснік міністра замежных спраў Польшчы Шымон Шынкоўскі Вэль Сэнк гаварыў пра адзначэнне 80-ых угодак пачатку апошняй вялікай вайны.
Застаецца толькі спадзявацца, што падчас урачыстага вэрхалу ніхто не забудзецца на трагічны запавет – «Ніколі зноў!».
PR/эж