Беларуская Служба

Яшчэ нядаўна маладыя з вёскі рваліся ў горад, цяпер тэндэнцыя мяняецца

07.09.2019 17:13
На працягу апошніх 15 гадоў, з таго часу, калі Польшча стала членам Еўрапейскага Саюзу, вёска вельмі змянілася.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneShutterstock

У часопісе Polityka гутарка з доктарам сацыялогіі Ілонай Матысяк пра яе даследаванні над маладымі людзьмі з вышэйшай адукацыяй, якія пасля навучання вяртаюцца або пераязджаюць жыць у вёску. Яна адзначае, што пераезд з вёскі ў горад ужо перастаў быць марай многіх людзей, як было яшчэ нядаўна. Цяпер наадварот усё больш палякаў хацела б жыць у вёсцы. Падчас праведзенага ў 2015 годзе апытання аказалася, што 40% жыхароў Польшчы хацела б жыць у вёсцы, а толькі 17% выбрала вялікі горад.

На працягу апошніх 15 гадоў, з таго часу, калі Польшча стала членам Еўрапейскага Саюзу, вёска вельмі змянілася. Яна атрымала вялізныя фінансавыя датацыі, дзякуючы чаму ўдалося адрамантаваць або збудаваць дарогі, правесці каналізацыю, паявілася таксама грамадская інфраструктура, вельмі важная з пункту гледжання жыхароў – дамы культуры, бібліятэкі, сацыяльныя цэнтры і г.д. У вёсцы як правіла меншыя класы ў школах, што таксама важна для жыхароў, у якіх ёсць патомства.

Ці маладыя людзі вяртаюцца ў вёску перш за ўсё з думкаю пра дзяцей, якіх хацелі б выхаваць у спакойнай атмасферы? Па словах сацыёлага, якраз пра дзяцей яны думаюць у апошняй чарговасці. Многія з даследаваных асоб былі адзінокімі, але не лічылі гэта адмоўным бокам свайго жыцця, у іншых былі дзеці, але ў большасці толькі адно ў сям’і. Амаль не было сям’і з больш, чым двума дзецьмі.

Якую працу выконваюць асобы з вышэйшай адукацыяй у вёсцы? Цікава, што менш чым кожны дзясяты жыве за кошт сельскай гаспадаркі. Большасць не займаецца фермерствам, а працуе па прафесіях, якія як правіла не патрабуюць вышэйшай адукацыі. Праўда, для некаторых маладых мужчын фермерства стала хобі, якому яны прысвячаюць свабодны ад галоўнага занятку час. Многія працуюць у мясцовых дзяржаўных органах, настаўнікамі ў школах, дактарамі, а некаторыя ездзяць на працу ў вялікі горад, жывучы ў вёсцы.

Рэдка маладыя людзі ў вёсцы рашаюцца заснаваць уласны бізнес. Яны цэняць спакойнае жыццё, а ўласная эканамічная дзейнасць лічыцца рызыкоўнай, яна займае шмат часу, а не дае гарантыі добрага рэзультату. Маладыя таксама неахвотна займаюцца палітычнай дзейнасцю, яны часта лічаць, што на выбарах і так галасуюць за тыя самыя, што і раней, асобы, таму цяжка нешта змяніць.

нг