Беларуская Служба

У Польшчы раскрытыкавалі распрацаваныя нормы карыстання электрычнымі самакатамі

09.09.2019 16:08
Кожны дзень у больніцы трапляюць ахвяры сутыкненняў з самакатам і самі карыстальнікі, якія не справіліся з кіраваннем.
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjneshutterstock, autorstwa FerrizFrames

У польскіх гарадах расце папулярнасць электрычных самакатаў. Восем аператараў здае самакаты ў пракат, многія жыхары карыстаюцца таксама ўласнымі прыладамі. Гэтая папулярнасць мае таксама адмоўны бок – кожны дзень у больніцы трапляюць ахвяры сутыкненняў з самакатам і самі карыстальнікі, якія не справіліся з кіраваннем – чытаем у Dziennik Gazeta Prawna.

Міністэрства інфраструктуры падрыхтавала законапраект паправак і дапаўненняў у кодэкс дарожнага руху, сёння заканчваюцца грамадскія кансультацыі па дадзеным пытанні. Прадстаўнікі гарадскіх уладаў моцна крытыкуюць змены.

Галоўнае абвінавачанне датычыць таго, што міністэрства не рашылася ўвесці забарону язды па тратуарах. Карыстальнікі электрычных самакатаў павінны ездзіць па веласіпедных дарожках або па дарозе там, дзе максімальная хуткасць для машын складае 30 км/г. На думку прадстаўнікоў Варшаўскага ўпраўлення дарог, неабходна ўвесці поўную забарону карыстацца тратуарамі. Справа ў тым, што ў гарадах веласіпедных сцяжынак адносна няшмат, таксама мала дарог, дзе хуткасць абмежаваная да 30 км/г. Таму, у прынцыпе, нічога не зменіцца, далей электрычныя самакаты будуць ездзіць па тратуарах і пагражаць пешаходам.

Таксама Кракаў не жадае ўпускаць э-самакаты на тратуары. На думку Марціна Вуйціка з гарадскога аддзелу мабільнасці, каб паправіць узровень бяспекі, неабходна абмежаваць максімальную хуткасць самакатаў да 15 км/г. У сваю чаргу прадстаўнікі Беластоку заяўляюць, што карыстальнікі самакатаў павінны абавязкова набываць страхоўку, што дазволіла б выплаціць кампенсацыю ахвяры сутыкнення з электрычным самакатам.

нг