Dziennik Gazeta Prawna паведамляе, што ў Польшчы павялічваецца папулярнасць страхавання грамадзянскай адказнасці і ад няшчасных выпадкаў карыстальнікаў электрычных самакатаў. У сувязі з ростам папулярнасці новага віду транспарту страхавыя кампаніі не выключаюць, што будзе створаны асобны страхавы пакет для ўладальнікаў электрасамакатаў альбо людзей, якія на іх перамяшчаюцца. Нагадаем, у некаторых гарадах у Польшчы электрасамакаты даступныя ў рамках шэрынгу.
Пару месяцаў таму карыстальнікаў электрасамакатаў, якія застрахаваліся, былі адзінкі. Цяпер жа лік ідзе на сотні чалавек у месяц. Для прыкладу, фірма AXA, адна з буйнейшых кампаній у Польшчы, штомесяц прадае 200 полісаў. Такім чынам, зацікаўленне расце, і таму полісы, накіраваныя да згаданай катэгорыі грамадзян, пачынаюць уводзіць чарговыя страхавыя фірмы. У тым ліку найбуйнейшая ў Польшчы кампанія PZU, уладальнікам якой з’яўляецца дзяржава.
Паводле спецыялістаў, адказныя карыстальнікі электрасамакатаў проста зразумелі, што пасля няшчаснага выпадку кошты лячэння і рэабілітацыі могуць быць вельмі высокімі і не памясціцца ў рамках таго, што прапануе дзяржаўная медыцына. Здараецца таксама, што электрасамакаты траўміруюць пешаходаў. У такім выпадку пешаход можа падаць у суд, а суд прыняць рашэнне аб спагнанні кампенсацыі з карыстальніка самаката. А калі карыстальнік электрасамаката мае поліс, гэтыя выдаткі можа пакрыць страхаўшчык. Кошт поліса залежыць ад страхавой сумы і складае ад 10 да 100 злотых у месяц (ад 2,30 да 23 еўра).
Акрамя таго, страхавыя кампаніі «пранюхалі» бізнес і пачалі прапанаваць полісы карыстальнікам электрасамакатаў у пакеце, напрыклад, са страхаваннем жылля, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna.
Выпадкі з удзелам электрасамакатаў сталі рэальнай праблемай у польскіх гарадах настолькі, што ўлады ўвялі новыя рэгуляванні, датычныя перамяшчэння згаданага віду транспарту па гарадскіх вуліцах і тратуарах. Акрамя таго, надзвычай надзённай праблемай сталі медыцынскія пытанні, звязаныя з выпадкамі электрычных самакатаў. Нядаўна лекары аддзялення свівічна-тваравай хірургіі адной з варшаўскіх клінік дзевяць гадзін «збіралі» твар у 19-гадовага хлопца, які ўпаў з электрасамаката і атрымаў сур’ёзныя траўмы.
вс