Сезон збору ўраджаю ў самым разгары: на агародзе красуюцца сонечныя гарбузы, у садах пад цяжарам пладоў гнуцца галіны яблынь, груш ды сліваў. І таму было б грахом, каб цяпер не рыхтаваць сезонныя стравы. Сёння мы прапануе спекчы пірог са слівамі.
Для таго, каб спекчы смачны і сакавіты пірог са слівамі, нам трэба падрыхтаваць наступныя інгрыдыенты.
1,5 шклянкі мукі
1 лыжка крухмалу
¾ шклянкі цукару
0,5 пачка масла
200 мл малака
2 яйкі
1,5 лыжачкі разрыхляльніка
3 лыжкі манных крупаў
1 лыжка воцату
прыкладна 12 сліваў, парэзаных на чвэрці
0,5 шклянкі цукровай пудры і крышку малака на глазуру
І так, масла, вынятае раней з халадзільніка, вымешваем з цукрам, дадаем яйкі і добра ўзбіваем пры дапамозе лыжкі, венчыка альбо кухоннага робата. Пасля гэтага дадаем прасеяную праз сіта муку і разрыхляльнік, працягваем мяшаць. Наступны крок – гэта малако, а пазней манныя крупы і воцат. Цяпер перамешваем вельмі далікатна лыжкай. Калі гэта робат, дык ставім на малыя абароты.
Атрыманую масу выліваем у форму. Пры гэтым форма можа быць альбо круглая, альбо прамавугольная – вялікай розніцы няма. Дно формы можам выкласці пергаментам. Калі нехта баіцца, што цеста прыклеіцца да формы, то можна яе бакі вышмараваць маслам і пасыпаць сухарамі.
Пасля гэтага на масу кладзем парэзаныя слівы, прычым скуркай уніз, у цеста. Пячэм наш пірог каля 40 хвілін у тэмпературы 180 градусаў. Традыцыйна, ці пірог не сыры - правяраем драўлянай палачкай, утыкаючы яе ў сярэдзіну нашага дэсерту. Калі пірог астыне, можам яго абшмараваць глазурру, якую падрыхтуем з цукровай пудры і малака. Але гэта – альтэрнатыва, таму што і без гэтага сліўкавы пірог смакуе дасканала.
Смачна есці!
Валеры Саўко
слухайце аўдыё