Беларуская Служба

У Польшчы ў больш за 60 гарадах вучні патрабавалі рашучай рэакцыі палітыкаў на кліматычны крызіс

21.09.2019 14:19
Пратэст тысячы гарадоў – гэта самая вялікая да гэтага часу мабілізацыя на карысць клімату. 
   .
Кліматычны пратэст у Варшаве. PAP/Marcin Obara

У пятніцу тысячы маладых людзей у цэлай Польшчы выйшлі на вуліцы гарадоў. Ад польскага ўраду яны патрабуюць абвяшчэння стану кліматычнага крызісу. Падобныя маніфестацыі прайшлі ва ўсім свеце, піша Gazeta Wyborcza.

Пратэст тысячы гарадоў – гэта самая вялікая да гэтага часу мабілізацыя на карысць клімату. Страйкі адбыліся ў 140 краінах. У Польшчы ў больш за 60 гарадах вучні патрабавалі рашучай рэакцыі палітыкаў на кліматычны крызіс. Дата страйку не была выпадковай, паколькі 23 верасня распачынаецца Кліматычны саміт ААН у Нью-Ёрку.

Самая вялікая дэманстрацыя прайшла ў Варшаве, дзе ўдзел у акцыі прынялі каля 10 тысяч чалавек. Удзельнікі трымалі транспаранты ў руках: «Пратэстуй з намі нягледзячы на розніцы», «Салідарныя з гарнякамі, але ніколі з шахтамі», «Дыназаўры таксама думалі, што ў іх ёсць час».

Падчас выступаў са сцэны гучалі словы аб тым, што эпоха вугалю павінна закончыцца. І што абыякавасць палітыкаў прыводзіць да таго, што замест таго, каб думаць пра выпускныя экзамены, моладзь павінна клапаціцца пра доступ да пітной вады. «Мы, маладыя людзі, маем уражанне, што ніхто не пераймаецца тым, што адбываецца вакол нас. Палітыкі занятыя сваймі гульнямі і не звяртаюць увагі на крызіснасць сітуацыі. Калі мы не пачнём дзейнічаць, то падымецца тэмпература, пачне не хапаць вады. Мы не даем на гэта дазволу», – гаварыла вучаніца аднаго з варшаўскіх ліцэяў. Разам з вучнямі на страйк прышлі іх бацькі.

Моладзевы кліматычны страйк выпрацаваў шэсць галоўных заклікаў, у якіх дамагаецца: – увядзення кліматычнай палітыкі, якая грунтуецца на дакладных навуковых ведах; – паклікання эксперцкай і незалежнай Кліматычнай рады, якая апрацуе стратэгію дасягнення кліматычнай нейтральнасці; – трансфармацыі гаспадаркі з мэтай змяншэння выкідаў цяплічных газаў; – увядзення ў школы навучання аб зменах клімату.

Моладзь заклікала польскі ўрад, каб ён афіцыйна прызнаў кліматычную катастрофу.

ав