Даследчыкі з Ягелонскага ўніверсітэту сцвярджаюць, што забруджанне паветра можа мець уплыў, між іншым, на ўзнікненне Сіндрому дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці. Вучоныя таксама правераць, як смог уплывае на развіццё мазгоў і нервовай сістэмы.
Група з Ягелонскага ўніверсітэту атрымала на гэтую мэту 15 млн злотых з Фонду на карысць польскай навукі. Каманда лекараў, між іншым, неўролагаў і псіхолагаў, абследуе групу 800 дзяцей ва ўзросце 10-13 гадоў з паўднёвай Польшчы. Будуць абследаваныя дзеці з найбольш забруджаных гарадоў і мясцовасцяў, дзе праблем з брудным паветрам няма. Лекары правераць здаровых дзяцей, а таксама дзяцей з дыягназам СДУГ – тлумачыць Марцін Швед з Інстытуту псіхалогіі Ягелонскага ўніверсітэту:
- Мы хочам параўнаць дзяцей, якія надыхаліся няшмат смогу, з тымі, якія дыхалі смогам вельмі-вельмі шмат.
Навукоўцы таксама хочуць выкарыстаць мапы забруджання паветра, створаныя варшаўскім інстытутам аховы навакольнага асяроддзя на працягу апошніх дзесяці гадоў:
- Мы ўсё будзем вывучаць, аналізаваць і глядзець, ці назапашванне невялікіх эфектаў смогу ўдасца знайсці ў гэтых дадзеных.
Падобныя даследаванні былі ўжо праведзеныя ў краінах Скандынавіі і Заходняй Еўропы. Аднак, падкрэсліваюць кракаўскія навукоўцы, іх даследаванні будуць першымі, праведзенымі ва ўмовах такой высокай канцэнтрацыі смогу. Аналіз будзе працягвацца чатыры гады.
А спосабаў змагання са смогам у Польшчы можна знайсці шмат. Таксама можна адзначыць іх разнастайнасць. У Рыбніку, мясцовасці, дзе паветра адно з самых брудных у Еўропе, на нядзельных Святых імшах святары будуць чытаць лісты аб барацьбе са смогам. Гэта ініцыятыва Рыбніцкай рады жанчын і мэра гораду. Перадае карэспандэнтка Радыё Катавіцэ Агнешка Лёх:
- У лісце жанчыны просяць жыхароў звярнуць увагу на якасць паліва, а таксама на тэрміны замены катлоў у кантэксце Антысмогавага закону. Мэр Пётр Кучэра звярнуўся з просьбай, каб ліст быў прачытаны на канцы нядзельных імшаў. Адукаванне і клопат пра планету з’яўляюцца нашым хрысціянскім абавязкам – напісаў мэр у лісце да рыбніцкіх пробашчаў. Ініцыятарка ініцыятывы старшыня Рыбніцкай рады жанчын Моніка Глёсовіц кажа, што дзякуючы дапамозе Касцёла адукацыйная адукацыя дойдзе да большай колькасці жыхароў, а парафіяне ўключацца ў барацьбу са смогам.
Дарэчы, у мінулым месяцы прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падпісаў закон, які тычыцца паляпшэння якасці паветра. Дакумент з 16 кастрычніка 2019 году навэлізуе «Закон аховы навакольнага асяроддзя» і некаторыя іншыя законы. Мэта закону – паляпшэнне якасці паветра і абмежаванне гэтак званых нізкіх выкідаў, якія ўзнікаюць у выніку спальвання вугалю ў хатніх катлах.
Згодна з новымі правіламі, будзе забароненае ўвядзенне на польскі рынак катлоў, якія не выконваюць польскія патрабаванні па выкідам. Вызначаная ўстанова, якая будзе праводзіць кантроль юрыдычных асоб, якія ўводзяць на рынак катлы на цвёрдае паліва. Закон ужо пачаў дзейнічаць.
ав