Беларуская Служба

Паўстанцы 1863 года з’ядналі тры народы

22.11.2019 15:45
У Вільні праходзяць урачыстасці, звязаныя з перапахаваннем астанкаў паўстанцаў 1863-64 гадоў.
Аўдыё
  • ў Вільні адбываюцца ўрачыстыя мерапрыемствы па перапахаванні правадыроў паўстання 1863-64
   1863-64 .
Урачыстае перапахаванне паўстанцаў 1863-64 гг. у ВільніPAP/Valdemar Doveiko

Гэтая падзея стала сапраўдным святам для летувісаў, палякаў ды беларусаў. На адзін дзень многія пачуліся як грамадзяне адзінай Рэчы Паспалітай.

Сёння ў Вільні адбываюцца ўрачыстыя мерапрыемствы па перапахаванні правадыроў паўстання 1863-64 гг. Кастуся Каліноўскага, Зыгмунта Серакоўскага і яшчэ 18 паўстанцаў.

Яны былі пакараныя смерцю па загадзе ўладаў царскай Расіі за ўдзел у паўстанні. Прысуд быў выкананы на Лукіскай плошчы ў цэнтры Вільні, распавядае старшыня Польскага дыскусійнага клубу Аліна Абалевіч.

- Тады тут быў кірмаш, шыбеніцы паставілі не ў бязлюдным месцы, а так, каб іх убачыла як мага больш людзей. Гэта было папярэджанне, каб іншыя не змагаліся з царскай акупацыйнай уладай. Царская ўлада хацела запалохаць грамадства.

А 11-ай у Віленскай катэдры пачалася пахавальная імша па лідарах і ўдзельніках паўстання 1863 года. Ва ўрачыстасцях узялі ўдзел прэзідэнты Літвы ды Польшчы, а таксама прадстаўнікі Беларусі, Украіны ды Латвіі.

Прэзідэнт Летувы Гітанас Наўседа зазначыў, што ахвяра паўстанцаў не была марнай.

- Шаноўныя госці, у Святым Пісанні напісана: няма нічога схаванага, патаемнага, што не стала б вядомым. Тры гады таму важная для кожнага летувіса Гара Гедыміна адкрыла сакрэт, які доўга хавалі. Месца масавага пахавання правадыроў ды ўдзельнікаў паўстання 1863-64 гг. Сёння мы выконваем наш абавязак годнага і хрысціянскага пахавання астанкаў тых, хто даўно скончыў сваёй зямное жыццё, але свеціць нам праўдай і свабодай. Гэта сапраўдная перамога.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда звярнуў увагу на тое, што сённяшняя ўрачыстасць мае сімвалічны характар. Гэта памяць пра супольных герояў палякаў, летувісаў ды беларусаў.

- Гэта вельмі сімвалічна, што ў працэсіі да Вострай Брамы і на могілкі Росы ідуць разам прэзідэнты Польшчы ды Літвы. Гэта сведчанне таго, што ёсць лучнасць нашых дзяржаў, у нашай Цэнтральнай частцы Еўропы, калі мы адных і тых жа герояў успрымаем як сваіх. Гэта вельмі паказальна. Шмат людзей у Польшчы казала мне, што гэтая ўрачыстасць мае для іх вялізарнае сімвалічнае значэнне.

Польскі прэм’ер Матэвуш Маравецкі зазначыў, што героі паўстання па сёння яднаюць народы.

- Кастусь Каліноўскі ды Зыгмунт Серакоўскі былі правадырамі паўстання 1863-га года ў Літве, якая тады была пад расійскай акупацыяй. Сёння яны сімвалізуюць гераізм для Літвы і Польшчы. Гэта героі, якія яднаюць нашыя народы. Таму мы ўшаноўваем іх за тое, што яны зрабілі, і працягваюць рабіць. Яны жывуць у нашых сэрцах па сённяшні дзень.

Віцэ-прэм'ер Беларусі Ігар Петрышэнка падкрэсліў важнасць асобы Каліноўскага і падзей 1863-га года для Беларусі.

- Сённяшняя цырымонія аднолькава важны момант для беларускага, летувіскага, польскага, украінскага ды латышскага народаў. Падзеі 1863-64 гг закранулі тэрыторыі адразу некалькіх дзяржаў Усходняй Еўропы. Для Беларуса – гэта не толькі ўспамін мінулага, але і магчымасць аддаць належную пашану нашым продкам. Ужо ў той час дэкларавалася ідэя аб палітычнай субʼектнасці Беларусі ў адносінах з суседзямі. Знакава, што паролем паўстанцаў Кастуся Каліноўскага былі словы: "Каго любіш? Люблю Беларусь".

Паводле летувіскага гісторыка прафесара Альвідаса Нікзэнтаціса, паўстанне 1863-га года было апошнім сумесным чынам прадстаўнікоў розных краін, якія раней утваралі Рэч Паспалітую. Гэтыя сувязі бачна па тым, як сённяшняя ўрачыстасць у Вільні стала вялікім святам для людзей з розных краін.

- Удзельнікі паўстання 1863-га года паўплывалі на фармаванне тоеснасці: палякаў, летувісаў ды беларусаў. Пра паўстанне 1863-га года ў гэтыя дні гаварылася шмат у Літве, як ніколі раней. Адчуваецца эйфарыя. Мы бачым, што гэта не толькі летувіская эйфарыя. Мы бачым, што шмат гасцей прыехала з Польшчы, таксама шмат прыехала беларусаў. Пануе вельмі сардэчная атмасфера. Мы пачуваемся як грамадзяне адной краіны, хаця цяпер гэта прадстаўнікі трох розных дзяржаў.

На плошчы перад святыняй сабраліся тысячы людзей, якія назіралі за ўрачыстасцю на вялікіх экранах. Шмат прыехала з Беларусі. Гэта вельмі эмацыйнае свята, хоць і тычацца мінулага, перакананая Ала з Менску.

- Я не спадзявалася, што мне давядзецца нейкім чынам перасекчыся з Кастусём Каліноўскім. Няхай гэта толькі астанкі, але ў мяне склалася ўражанне, што я прысутнічаю на сапраўдным пахаванні яго.

Парэшткі Кастуся Каліноўскага ды яшчэ 19 удзельнікаў паўстання былі знойдзеныя археолагамі ў 2017-м годзе падчас прац на Замкавай гары ў Вільні. Была праведзеная ідэнтыфікацыя і пацверджана іх тоеснасць. Для Каліноўскага ды паўстанцаў падрыхтаваная капліца-пантэон на могілках Росы. На кожнай труне напісанае імя і прозвішча паўстанцаў на трох мовах: па-летувіску, па-польску і па-беларуску.

Юры Ліхтаровіч