Беларуская Служба

Шведы паднялі з дна Балтыкі алкаголь, які заказаў з Францыі цар Мікалай ІІ

23.11.2019 16:03
Адна бутэлька можа каштаваць дзясяткі тысяч еўра, і таму з-за цаны дайверы не вырашыліся паспрабаваць стогадовы каньяк.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjnePIXABAY

Група шведскіх дайвераў знайшла 900 бутэлек з рэдкім алкаголем, які больш за сто гадоў таму заказаў цар Мікалай ІІ, чытаем на сайце haps.pl.

Незвычайны скарб быў падняты пошукавай камандай Ocean X з патанулага парахода, які пайшоў на дно 102 гады таму і ляжаў на глыбіні 77 метраў на дне Балтыйскага мора.

Спецыяльная група па даследаванні затопленых суднаў знайшла 65 скрынь з каньяком і бенедыктынскімі лікёрамі. У іх знаходзілася 600 бутэлек рэдкага каньяку De Haartman & Co і 300 бутэлек лікёру Bénédictine (брэнд, які цяпер належыць групе Bacardi).

Да падняцця рэдкай знаходкі дайверы рыхтаваліся ажно 20 гадоў: столькі часу група спецыялістаў даследавала затопленае шведскае судна «Кірас».

Карабель ляжаў на глыбіні 77 метраў у Батнічным заліве паміж Швецыяй і Фінляндыяй. Дзве каманды дайвераў пры падтрымцы спецыялізаванай тэхнікі працавалі, каб спачатку прабрацца ўнутр судна і даследаваць яго, а потым падняць бутэлькі з каштоўным алкаголем.
Да гэтага часу не вызначаны нават прыблізны кошт знаходкі. Аднак удзельнікі Ocean Х мяркуюць, што адна бутэлька можа каштаваць дзясяткі тысяч еўра, і таму з-за цаны дайверы не вырашыліся паспрабаваць стогадовы каньяк.

Якім чынам груз аказаўся на дне Балтыкі?

Каньяк і лікёр у 1916 годзе павінны былі даставіць з Францыі ў Санкт-Пецярбург для цара Расіі Мікалая ІІ.
Паколькі Першая сусветная вайна ахапіла амаль усю Еўропу, самым бяспечным маршрутам лічылася траса ўздоўж узбярэжжа нейтральнай Швецыі. Аднак судна «Кірас» затрымала для праверкі нямецкая падводная лодка і затапіла яго таму, што немцы прызналі груз кантрабандным. Экіпаж быў перавезены на іншым караблі ў Швецыю.

«Кірас» адкрылі на дне толькі ў 1999 годзе, да гэтага часу вяліся работы па падняцці грузу.

яс