Беларуская Служба

Як польскі «Пёрун» на нямецкага «Бісмарка» паляваў 

03.01.2020 17:36
«Пёрун» праславіўся тым, што ў 1941 годзе быў у групе, якая займалася пошукам нямецкага крэйсера «Бісмарк».
Аўдыё
  • «Пёрун» праславіўся тым, што ў 1941 годзе быў у групе, якая займалася пошукам нямецкага крэйсера «Бісмарк»
  , 1939-1945 ..
Эскадраны мінаносец «Пёрун», 1939-1945 г.г.commons.wikimedia.org/Royal Navy official photographer/public domain

Амаль 80 гадоў таму на эскадраным мінаносцы «Пёрун» быў падняты сцяг Ваенна-марскіх сіл Польшчы. Ішла вайна, і брытанцы, каб выкарыстаць патэнцыял польскіх маракоў, перадалі польскім ВМС сучасны ваенны карабель.

Служыць на эсмінец былі пераведзеныя афіцэры і матросы з мінаносца «Гром», які быў патоплены гітлераўцамі каля нарвежскага Нарвіка. А камандаваць «Пёрунам» даверылі камандору (капітану першай рангі) Эўгеніюшу Плаўскаму. Народжаны ў 1895 годзе афіцэр сваю вайсковую кар'еру пачынаў яшчэ ў расійскім імператарскім флоце, паходзіў ён з сямʼі з багатымі вайсковымі традыцыямі – яго бацька быў царскім генералам. Плаўскі прайшоў Першую сусветную вайну, а калі Польшча стала незалежнай краінай, вярнуўся на радзіму і пачаў служыць айчыне, стаўшы ля вытокаў Ваенна-марскіх сіл адроджанай дзяржавы. Да вайны ён служыў на наводных і падводных адзінках ВМС, выкладаў у афіцэрскай школе, служыў у штабе флоту.

Перад самым пачаткам вайны камандор Плаўскі быў накіраваны ў Францыю ў бюро вайсковага аташэ ў пасольстве Польшчы ў Парыжы. Калі Гітлера напаў на Польшчу, яму, як многім яго калегам, не трэба было прабірацца на Захад: ён там ужо быў і адразу ж прыступіў да службы радзіме ў эміграцыі. У канцы 1939 года яго перавялі ў Вялікабрытанію і даверылі камандаваць ваеннымі караблямі. Праз год афіцэра перавялі на «Пёрун» – найбольш сучасны ваенны карабель тагачасных польскіх ВМС на Захадзе. «Пёрун» праславіўся тым, што ў 1941 годзе быў у групе, якая займалася пошукам нямецкага крэйсера «Бісмарк».

26 мая 1941 года польскі эсмінец знайшоў крэйсер і запусціў у яго накірунку некалькі тарпед. На жаль, ні адна не трапіла ў «Бісмарк», а самаму крэйсеру ўдалося скрыцца ў густым тумане. Аднак было вядома, дзе знаходзіцца важны нямецкі карабель. 27 мая 1941 года лінейныя адзінкі брытанскага каралеўскага флота знайшлі немца і яго патапілі.

Вайна закончылася, служба таксама, але маракі памяталі пра свой карабель і капітана. У жніўні 1965 года польскія матросы, якія пасля вайны засталіся жыць у эміграцыі, адзначылі 25-годдзе падняцця карабельнага сцяга на эскадраным мінаносцы «Пёрун». Пры гэтым адзначэнне адбылося ўсюды там, дзе пражывалі афіцэры і матросы, якія службы на эсмінцы: у Вялікабрытаніі, Канадзе, ЗША. Першапачаткова планавалася, што каманда сабярэцца ў Лондане, аднак у Вялікарытанію не змог прыехаць капітан Эўгеніюш Плаўскі, таму ў яго зʼявілася ідэя арганізаваць адзначэнне 25-годдзя не толькі ў Лондане, дзе сабралася частка каманды, але і ў Ванкуверы, дзе ён пражываў. А на дапамогу прыйшоў тэлефон. Вось як на хвалях Польскай службы Радыё «Свабодная Еўропа» святкаванне 25-годдзя падняцця сцяга на «Пёруне» ўспамінаў капітан Плаўскі.

- 7 жніўня раніцою ў маёй кватэры тут, у Канадзе, сабралася група матросаў, якія жылі ў Ванкуверы. Дакладна а 10:30 мы, з келіхамі ў руках, спалучыліся па тэлефоне з клубам матросаў польскіх Ваенна-марскіх сіл у Лондане. З адлегласці 6 тыс. міль мы пачулі гук карабельнага звана, які быў на «Пёруне». А пазней мяне прывітаў мой калега, старэйшы боцман Васа.

Пасля вайны камандор Эўгеніюш Плаўскі застаўся на Захадзе, пераехаў у Канаду. Ён быў актыўным дзеячам польскай дыяспары ды ветэранскіх арганізацый. Памёр у 1972 годзе.

У 1946 годзе эсмінец «Пёрун» быў выведзены са складу польскіх ВМС на Захадзе і вернуты ў ВМФ Вялікабрытаніі. Карабель праслужыў да 1955 года, пасля чаго быў выведзены са складу флоту і адпраўлены на металалом.

вс

слухайце аўдыёфайл


Больш на гэтую тэму: Машына часу