Беларуская Служба

Палякі масава вяртаюць тавары, купленыя праз інтэрнэт

10.01.2020 15:08
Сітуацыя ў дадзенай галіне набліжае польскі рынак да такіх рынкаў, як французскі ці скандынаўскі.
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjnePixabay

Палякі масава вяртаюць тавары, купленыя ў інтэрнэце – піша Rzeczpospolita. У мінулым годзе кожны трэці паляк заявіў у апытанні, што ён вярнуў набытую рэч. Гэта на 9% больш, чым годам раней. Эксперты кажуць, што вяртаць тавары адносна лёгка дзякуючы адпаведным законам і палітыцы інтэрнэт-крам, якія прывабліваюць пакупнікоў магчымасцю бясплатнага вяртання тавару.

Тэндэнцыя датычыць перш за ўсё вопраткі. Многія пакупнікі выбіраюць шмат рэчаў, заказваюць іх, каб толькі прымерыць і частку, або і ўсе, вярнуць назад. А некаторыя, асабліва маладыя людзі, заказваюць адзежу толькі дзеля таго, каб зрабіць сабе здымак у сацсеткі або адзін раз выйсці на вечарынку. Некаторыя прадаўцы стараюцца перадухіліць такія паводзіны, напрыклад, партал Zalando прышывае на свае рэчы вялікія біркі, якія немагчыма адчапіць, а пазней прымацаваць назад. Для інтэрнэт-крам масавае вяртанне тавараў – гэта, канешне, праблема, асабліва для невялікіх прадпрымальнікаў, але і так многія крамы ўводзяць такую магчымасць, паколькі кліенты значна ахвотней купляюць там, дзе ёсць бясплатнае вяртанне пасылкі.

Сітуацыя ў дадзенай галіне набліжае польскі рынак да такіх рынкаў, як французскі ці скандынаўскі.

Міхал Душчык/нг