Беларуская Служба

Усё больш людзей у Польшчы пратэстуе супраць паляванняў

13.01.2020 12:54
У парламенце разглядаецца законапраект, які можа дапамагчы паляўнічым пазбыцца ад актывістаў, якія перашкаджаюць паляваць.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjne PickOne/Shutterstock

У Польшчы нарастае антыпаляўнічы рух. Усё больш людзей пратэстуе супраць паляванняў, актывісты арганізуюць акцыі ў сацсетках, якія заключаюцца ў тым, што праціўнікі паляванняў даведваюцца, дзе мае адбыцца паляванне, едуць у лес, быццам бы на прагулку, каб перашкодзіць паляўнічым забіваць жывёлу – чытаем у выданні Gazeta Wyborcza.

Паляўнічым гэта, зразумела, не падабаецца. На дапамогу ім можа прыйсці новы закон. У парламенце разглядаецца законапраект з папраўкамі і дапаўненнямі ў закон аб паляўнічым праве. Закон ужо прыняў Сейм, на гэтым тыдні ім займаецца Сенат – вышэйшая палата парламенту. Па інфармацыі ўраду, змены прадыктаваныя неабходнасцю барацьбы з эпідэміяй афрыканскай чумы свінняў. Законапраект прадбачвае масавы адстрэл дзікоў і высокія штрафы або нават турэмнае зняволенне за ўскладненне палявання. Закон таксама прадбачвае магчымасць палявання з глушыцелем, у выніку паляўнічага цяжка будзе пачуць і зафіксаваць яго месцазнаходжанне.

На думку супраціўнікаў паляванняў, закон прымаюць, каб спалохаць эколагаў. У сваю чаргу паляўнічыя кажуць, што яны баяцца радыкалізацыі поглядаў актывістаў, якія нават часам спрабуюць вырваць зброю ў паляўнічых, а гэта можа давесці да трагедыі.

Дзякуючы грамадскаму маніторынгу вядома, як паводзяць сябе паляўнічыя, як яны ўтылізуюць забітых дзікоў, ці не пераносяць вірус хваробы ў іншыя месцы, – кажуць праціўнікі паляванняў. Калі новы закон пачне дзейнічаць, паляўнічыя змогуць рабіць у лясах усё, што ім захочацца.

 

Александар Гургуль/нг