Беларуская Служба

Чэшскую Прагу і беларускі Брэст спалучаць чатыры цягнікі ў дзень

14.01.2020 17:08
На польскай чыгунцы ў галіне пасажырскіх перавозак неўзабаве з’явіцца сапраўдная канкурэнцыя.
      Leo Express
Пасажырскі цягнік чэшскай прыватнай чыгуначнай кампаніі Leo Express фота: Leo Express

На польскай чыгунцы ў галіне пасажырскіх перавозак неўзабаве з’явіцца сапраўдная канкурэнцыя, паведамляе газета Rzeczpospolita. Актуальна манапалістам у сектары міжгародніх і міжнародных перавозак з’яўляецца польская дзяржаўная кампанія PKP InterCity. Пра планы ўвайсці на польскі рынак заявілі чэшскія пасажырскія чыгуначныя кампаніі Leo Express і RegioJet, якія дасягнулі поспеху ў сябе на радзіме. Старшыня праўлення і ўладальнік RegioJet Радзім Янчура заявіў, што паездка з Варшавы ў Катавіцы альбо Кракаў каштавала б ад некалькіх да 20 еўра. Гэта стала б рэвалюцыяй на польскім рынку чыгуначных перавозак, таму што кампанія PKP InterCity на гэтых трасах прадае білеты па мінімум 30 еўра ў пераліку са злотых.

У польскіх цягніках – два класы абслугоўвання, у Leo Express – тры, а ў RegioJet – ажно чатыры. Такім чынам, цэнавая прапанова чэшскіх кампаній даволі гнуткая, і кожны пасажыр зможа выбраць адпаведную для сябе прапанову па кошце.

Дарэчы, Leo Express ужо прысутнічае на польскім рынку: са снежня 2019 года цягнікі перавозчыка возяць пасажыраў на трасе Прага – Уроцлаў. Вагоны запоўненыя добра, нягледзячы на тое, што кампанія атрымала дазвол ад польскіх транспартных улад на рэалізацыю рэйсаў толькі ў выходныя дні. Папулярнасцю сярод пасажыраў карыстаецца таксама маршрут Прага – Кракаў.

Нядаўна Leo Express атрымаў ад Упраўлення чыгуначнага транспарта Польшчы дазвол на адкрыццё маршрута Прага – Катавіцы – Варшава – Тэрэспаль. Ліцэнзія выдадзеная на пяць гадоў і дазваляе курсіраваць на згаданым маршруце двум парам цягнікоў у дзень (агулам чатыры цягнікі). Адкрыццё згаданай трасы дазволіць за адносна невялікі кошт падарожнічаць з Прагі ў Мінск з перасадкай у Тэрэспалі і Брэсце. Калі чэхі адкрыюць новае спалучэнне, пакуль невядома, таму што кампаніі не хапае цягнікоў. Фірма заказала чыгуначныя склады ў вытворцаў і цяпер чакае паставак.

У сваю чаргу RegioJet плануе адкрыць новыя маршруты з Прагі ва Украіну праз тэрыторыю Польшчы, паведамляе Rzeczpospolita.

вс