Беларуская Служба

Кітай паступова становіцца адрэзаным ад іншых краін свету

03.02.2020 14:12
Надоечы стала вядома пра першую ахвяру каронавіруснай інфекцыі ў іншай дзяржаве, чым Кітай.
Пасажыры метро ў адным з кітайскіх гарадоўфота: PAP/EPA/ALEX PLAVEVSKI

Самая вялікая дзяржава свету паступова становіцца адрэзанай ад іншых краін. Гаворка ідзе пра Кітай, дзе хутка распаўсюджваецца каронавірус, які выклікае небяспечнае запаленне лёгкіх. Надоечы стала вядома пра першую ахвяру інфекцыі ў іншай дзяржаве, чым Кітай – піша Gazeta Wyborcza. На Філіпінах памёр 44-гадовы мужчына, які нядаўна вярнуўся з кітайскага гораду Ухань, дзе пачалася эпідэмія.

Усё больш дзяржаў уводзіць забарону ўезду іншаземцаў з Кітая, вывозіць сваіх грамадзянаў, авіялініі адмяняюць спалучэнні. Забарону ўвялі ўжо ЗША, Аўстралія, Расія, Японія, Пакістан ды Італія. Тым не менш, Сусветная арганізацыя аховы здароўя выступае супраць забароны, яна толькі рэкамендуе праводзіць праверку ў аэрапорце стану здароўя людзей, якія прыязджаюць з ахопленай эпідэміяй тэрыторыі. На думку прадстаўнікоў СААЗ, абмежаванне падарожжаў выклікае больш шкоды, чым карысці, паколькі заражаныя вірусам асобы могуць спрабаваць прайсці мяжу нелегальна.

У Кітаі каронавірусам заразілася ўжо каля 14 тыс. асобаў, і прыкладна сто за мяжой. Гэта больш, чым падчас дзевяцімесячнай эпідэміі віруса САРС у 2003 годзе. Новы вірус не такі небяспечны, чым той, менш людзей ад яго памірае. Аднак не ўсе вераць у афіцыйную статыстыку кітайскага ўраду. Паводле меркавання навукоўцаў з Ганконгу, у адным толькі горадзе Ухань можа быць да 75 тыс. людзей, заражаных вірусам.

У сваю чаргу Італія стала першай дзяржавай у Еўропе, дзе даследчыкам удалося распрацаваць генатып каронавіруса. Навукоўцы ўзялі пробы ад пары кітайцаў, якія прыбылі ў Італію і захварэлі. Лекары кажуць, што іх стан здароўя «нядрэнны». Вынікі сваёй працы над генатыпам італьянцы прапануюць перадаць усім навукоўцам на свеце, дзякуючы чаму барацьба з хваробай будзе больш эфектыўнай.

 

Робэрт Стэфаніцкі/нг