Беларуская Служба

Польскае радыё – важная ўстанова культуры ў Польшчы

07.02.2020 16:15
Сёлета Польскае радыё адзначае свой юбілей – 95 гадоў вяшчання.
Аўдыё
  • Польскага радыё адзначае сваё 95 годзе
Здымак мае ілюстрацыйны характарPAP/Andrzej Lange

За гэты час Польскае радыё пераўтварылася ў буйную ўстанову культуры, якая выконвае важную місію інфармавання палякаў, захавання і распаўсюду польскай культуры, мовы, гісторыі. Радыё з упэўненасцю глядзіць у будучыню. Моладзь пачынае ахвотна слухаць інфармацыю на радыёхвялях.

У нядзелю 1 лютага 1925 года а 18 гадзіне Польскае радыётэхнічнае таварыства выпусціла ў эфір першую пробную перадачу. Пачатак вяшчання абвясціў інжынер Раман Руднеўскі.

- Гаворыць праверачная станцыя радыёвяшчання ПТР на хвалі 385 метраў.

Гэта былі пачаткі Польскага радыё, якое адзначае сваё 95-годдзе. Рэгулярнае радыёвяшчанне пачалося 18 красавіка 1926 года. Спачатку радыёпраграмы даходзілі да тысячы слухачоў. Сёння дзякуючы новым тэхналогіям радыёвяшчанне мае неабмежаваны абсяг.

Сёння Польскае радыё захоўвае сваю традыцыйную частку – радыёвяшчанне, але і змяняецца, згодна з духам часу, уводзячы відэакантэнт ды падключаючы сацыяльныя сеткі. Радыё імкнецца адпавядаць чаканнях слухачоў, гаворыць старшыня Польскага радыё Агнешка Каміньска.

- Маем планы на чарговыя 100 гадоў. А стагоддзе ўжо неўзабаве. Мы змяняемся паціху, хаця традыцыйная частка радыё, то бок эфір, застаецца без зменаў. Але мы ідзем з духам часу і дадаем тэлевізійную трансляцыю нашых праграм. Таксама не забываем пра сацыяльныя сеткі. Гэта вельмі важны элемент. Найважнейшым заданнем Польскага радыё застаецца выкананне даручанай нам місіі – доступ да інфармацыі ды саўдзел у стварэнні культуры. Нязменна Радыё прадстаўляе доступ да інфармацыі, да грамадскіх дэбатаў, да твораў мастацтва і да папулярнай культуры.

Пры гэтым перад Польскім Радыё стаяць і вялікія выклікі – дапасавацца да новых тэхналогіяў, не згубіць сродкі ды слухача, перакананы старшыня Рады нацыянальных СМІ Кшыштаф Чабаньскі.

- Сёння любыя СМІ сутыкаюцца з выклікамі. Што тычацца грамадскіх СМІ – гэта выклік для дзяржавы. Трэба забяспечыць для гэтых СМІ стабільную сістэму фінансавання. У апошнія гады дзяржаўны бюджэт іх датуе, што азначае для іх нармальныя ўмовы для развіцця. Гэта карысна, але стабільная сістэма добрая тым, што можна планаваць інвестыцыі, развіццё розных каналаў вяшчання, можна развіваць падкасты, ладзіць розныя імпрэзы і т.д., паступова павялічваць праграмны кантэнт, рабіць яго ўсё больш прыцягальным.

Стабільнае фінансаванне для грамадскіх СМІ – гэта задача дзяржавы, зазначыў адмысловец. Што да папулярнасці ў слухачоў, Радыё забяспечвае сваім кантэнтам ды формай падачы. Бачна, што радыё зноў папулярнае сярод моладзі, нават у эпоху смартфонаў, кажа журналістка ды член Нацыянальнай рады радыёвяшчання ды тэлебачання Тэрэса Бохвіц.

- Доўгі час папулярнасць радыё малела, аўдыторыя скарачалася. У першую чаргу сярод моладзі. Аднак цяпер высвятляецца, што за апошнія два гады сітуацыя змянілася. Насуперак перасцярогам, што радыё будзе толькі для людзей 50+, высветлілася, што моладзь зноў слухае радыё. У першую чаргу дзякуючы смартфонам, бо дазваляе з лёгкасцю слухаць радыё. Дастаткова запусціць праграму ў лічбе. Факт, што цяпер проста слухаць радыё, а цяперашняя моладзь любіць прастату. У гэтай групе перастала скарачацца колькасць слухачоў. Радыё мае спакойную будучыню. Ніхто па-за радыё не падае так спакойна інфармацыю, музыку. Тут не перашкаджае выява, як у тэлевізіі, дзе 90% увагі ідзе на выяву.

Прыкладам таго, што радыё захоўвае папулярнасць, стаў плебісцыт, які Польскае радыё зладзіла на сваё юбілей. Больш за 250 тысяч чалавек прагаласавала, каб выбраць найбольшы польскі хіт. Першае месца заняла кампазіцыя «Малгоська» у выкананні Марылі Радовіч. Музыкантка зазначыла, што ўдзячная слухачам, хоць і не спадзявалася на такі вынік галасавання.

- Я ў шоку. Сапраўды. Я сачыла за галасаваннем з самага пачатку, і думала, каб толькі хоць адна песня трапіла ў хіт-парад. Потым з’явілася «Малгоська», але была на самым канцы спісу. Я падумала, прыкра, але важна, што ўвогуле ёсць хоць адна песня. Потым яна пачала набіраць папулярнасць, выходзячы на 20-ае, 15-ае месца. У сваю чаргу, я галасавала за песню Чэслава Немана «Дзіўны гэты свет». Гэта геній, ідэал, гуру для мяне. Я не думала, што перамагу яго. Гэта несправядліва. Але так сталася, што мая песня перамагла.

Польскае радыё па сённяшні дзень працягвае быць вызначальнікам хітоў, трэндаў у польскай музыцы. 95 гадоў таму радыёстанцыя пачала сваё вяшчанне.

Паводле даследавання аўдыторыі, Польскае радыё (Першая і Трэцяя праграмы) займаюць 3 і 4 месца па папулярнасці ў Польшчы з рэйтынгам 5,3% сярод слухачоў ва ўзросце ад 15 да 75 гадоў, то бок каля 2 мільёнаў чалавек. Усяго ў Польшчы радыё слухаюць каля 22 мільёнаў чалавек, або 72% дарослага насельніцтва.

Юры Ліхтаровіч