Беларуская Служба

Гэтай зімой снег у Польшчы ёсць толькі ў гарах, краіну чакае засуха

07.02.2020 15:25
Мы павінны прывыкнуць да таго, што такія зімы ў краіне будуць часта, неабходна таксама прывыкаць да недахопаў вады.
zdj. ilustracyjne
zdj. ilustracyjneFoto: Shutterstock.com/ Tanja Esser

Гэтай зімой снег у Польшчы ёсць толькі ў гарах. «У Познані я не бачыў ніводнай сняжынкі» – адзначае аўтар артыкулу ў выданні Gazeta Wyborcza. Мы павінны прывыкнуць да таго, што такія зімы ў краіне будуць часта. І неабходна прывыкаць да недахопаў вады. Па словах кліматолага прафесара Збігнева Кундзэвіча, у Польшчы адносна малыя запасы салодкай вады, у пераліку на душу насельніцтва, у два разы меншыя, чым у сярэднім па Еўропе.

Заўсёды ў Польшчы здараліся засухі, але апошнімі гадамі яны сталі амаль што нормаю. Акрамя таго, мяняецца характар ападкаў. Зімой часцей будзе ісці дождж, а не снег, а летам ападкаў будзе вельмі мала. А калі ўжо пачне падаць, то замест лёгкага дожджыку на галаву жыхароў упадзе магутны лівень.

Мінулым летам недахоп вады назіраўся ў горадзе Скерневіцэ, дзе жыве 50 тыс. жыхароў. Вада ў кранах была толькі ў кватэрах на першым паверсе. Так будзе здарацца ўсё часцей. Тады нельга будзе паліваць агароды і газоны, мыць машыны ці рабіць штучны снег для лыжнікаў. У Польшчы марнуецца вельмі шмат вады, напрыклад, чыстая вада выкарыстоўваецца ў унітазах. Некаторыя краіны навучыліся карыстацца ў дадзеных мэтах гэтак званай шэрай вадою, напрыклад, пасля мыцця рук у ракавіне ці цела пад душам. Найлепшы прыклад – Ізраіль, дзе на чалавека прыходзіцца прыкладна ў шэсць разоў менш вады, чым у Польшчы. Там вада – гэта сапраўдны скарб, і жыхары краіны навучыліся яе берагчы.

Польскія ўлады хочуць рэгуляваць рэкі, каб вярнуць рачное суднаходства. На думку кліматолага, наадварот, неабходна вяртаць рэкам іх натуральны выгляд, паколькі тады яны затрымліваюць больш вады.

 

Томаш Уляноўскі/нг