Выданне Rzeczpospolita прыводзіць дадзеныя галоўнай камендатуры паліцыі пра статыстыку самагубстваў у Польшчы. Сітуацыя лепшая, чым некалькі гадоў таму, калі добраахвотна з жыццём расставаліся звыш 6,1 тыс. асоб, але і так лічбы выклікаюць занепакаенне. Летась налажыла на сябе рукі 5255 чалавек. Асабліва трывожыць тое, што самазабойствы датычаць у вялікай ступені маладых людзей, а часам нават дзяцей.
Не вельмі зразумелае тое, што людзей, якія не хацелі жыць, паболела ў тых частках Польшчы, якія лічацца адносна заможнымі рэгіёнамі. Гаворка ідзе, між іншым, пра Вялікапольшчу, дзе летась забіла сябе на 52 асобы больш, чым годам раней – 438 чалавек. Рост зафіксаваны таксама на поўначы – у Памераніі. У гэтых частках Польшчы ёсць праца, няма высокага беспрацоўя, людзям жывецца нядрэнна ў эканамічным плане. Гэта падвяргае сумненню тэзіс, што прычынай самагубства з’яўляецца беспрацоўя ці беднасць. Прычыны трагічных рашэнняў трэба шукаць хутчэй у сямейных праблемах або нешчаслівым каханні.
Паболела самагубцаў сярод маладых людзей, якім 35-40 гадоў. Не хацелася жыць таксама дзецям ці падлеткам. У мінулым годзе здзейснілі самагубства чацвёра дзяцей ва ўзросце 7-12 гадоў, а таксама 94 падлеткі (13-18 гадоў). Праблеме самагубстваў сярод дзяцей была прысвечана дыскусія падчас «Форуму супраць дэпрэсіі», які прайшоў у аўторак. На думку спецыялістаў, шматлікія дзеці не спраўляюцца з праблемамі штодзённага дня, яны не атрымліваюць дапамогі з боку дарослых – бацькоў ці настаўнікаў у школе.
Дзеці адчуваюць сябе адзінокімі, бацькі ставяць ім высокія патрабаванні, але не дапамагаюць перамагаць цяжкасці. Ім дастаткова завярэння, што «усё ў парадку». Бацькі самі сябе падманваюць, што калі дзіця не гаворыць аб праблемах, то іх няма.
Дзеці, якія здзяйсняюць самагубствы, гэта ахвяры хатніх канфліктаў, між іншым разводаў бацькоў. Некаторыя не вытрымліваюць патрабавання быць найлепшым, яны адчуваюць сябе адзінокімі ў віртуальным свеце. Часам гэта таксама ахвяры сексуальнага выкарыстання з боку блізкіх асобаў.
Rzeczpospolita/нг