2 гады таму, у 2018 годзе Польшча адзначыла стагоддзе аднаўлення незалежнасці. Аднак 11 лістапада 1918 года з’яўляецца выключна сімвалічнай датай, наперадзе быў доўгі і складаны шлях станаўлення дзяржавы і фармавання яе межаў, пераважна са зброяй у руках.
Мінае сотая гадавіна сімвалічных заручынаў Польшчы з Балтыкай. 10 лютага 1920 года ў Пуцку (Puck) камандуючы Паморскім фронтам генерал войска Юзэф Галер (Józef Haller) кінуў у палонку адзін з дзвюх плацінавых пярсцёнкаў, падораных яму жыхарамі Гданьску.
Гэта быў сімвалічны акт вяртання Польшчы на ўзбярэжжа Балтыйскага мора. На моцы Версальскай дамовы, падпісанай 28 чэрвеня 1919 года, Польшча вярнула сабе доступ да мора, страчаны ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай у канцы ХVIII стагоддзя
Акт «заручынаў» Польшчы з морам меў вялікае сімвалічнае значэнне. Напрыканцы 1950-х гадоў, камандуючы Паморскім фронтам генерал Юзэф Галер на хвалях «Радыё Свабодная Еўропа» узгадваў тую красамоўную падзею:
- Пасля святой імшы пры гарматных салютах і пасля нацыянальнага гімну марскі штандар Польшчы быў паднесены. Адметна, што папярэдняя варта гэтага кавалку ўзбярэжжа – кашубскі рыбак, узброены адзіным вяслом, аддаў чэсць і перадаў варту ў рукі польскага марака.
Вакол мачты, на якой быў падняты польскі штандар, пад грукат гарматных залпаў і гукі нацыянальнага гімна стаялі прапаршчыкі з палявымі харугвамі. Салдаты аддалі гонар, і сцягі схіліліся да балтыйскіх хваляў. Сукно было апушчана ў марскую ваду. Гэта была легенда тых падзеяў. Аднак, на самой справе мароз быў такі вялікі, што ўвесь Пуцкі заліў быў скаваны лёдам. «заручыны» з морам адбываліся «суха».
У студзені і лютым 1920 года польскія войскі занялі тэрыторыі заселеныя кашубамі. Кашубы – гэта заходнеславянская этнічная група, якая дагэтуль жыве ў паўночнай частцы краіны. Цяперака ў Польшчы налічваецца прыблізна 500 тысяч кашубаў. Менавіта з сімвалічных заручынаў Польшчы з Балтыкай распачалася сучасная і складаная гісторыя ўзаемадачыненняў палякаў ды кашубаў. Свой аповед працягвае пра «заручыны» працягвае генерал Галер:
-Стоячы пад польскім сцягам я меў кароткую, але моцную прамову. Я адзначыў, што пасля доўгага перапынку мы вярнуліся на мора. Польшча зноў становіцца ўладычыцай на сваёй Балтыцы. На знак заручын з Балтыкай, я кінуў у мора адзін з пярсцёнкаў, які мне падаравалі польскія жыхары Гданьску, горад хутка зноў стаў польскім!
Вяртанне Польшчы на Балтыку ўвекавечвае ў зямлі слуп у порце гораду Пуцк, на ім выгравіраваны надпіс: «Год Гасподні 1920, 10 лютага польская армія з генералам Юзэфам Галерам на чале ўзяла ў вечнае валоданне польскае мора».
Сейм афіцыйна абвясціў 2020 - годам стагоддзя «заручынаў» Польшчы з Балтыйскім морам.
Напрыканцы нашага аповеду варта ўзгадаць, што чарговыя заручаны Польшчы з Балтыйскім морам адбыліся 18 сакавіка 1945 года, у Калабжэгу. Гэта адбылося пасля вызвалення Памераніі ад гітлераўскай гідры. Штосьці падказвае, што 75 гадавіну другіх заручын Польшчы з Балтыкай не згадае ніхто.
Слухайце аўдыё!
IAR/эж