Беларуская Служба

Улады Польшчы вырашылі значна павысіць фінансавую дапамогу палякам за мяжой

28.02.2020 09:00
У розных кутках свету пражываюць мільёны чалавек польскага паходжання.
Аўдыё
Jan Dziedziczak
Jan DziedziczakWojciech Kusiński/Polskie Radio

Гісторыя польскай дзяржавы багатая і трагічная. Былі перыяды вялікай хвалы і магутнасці дзяржавы, але былі таксама часы, калі Польшча пераставала існаваць на мапе Еўропы, а жыхары краіны спазнавалі на сабе пераслед з боку акупацыйных уладаў. На працягу стагоддзяў тысячы палякаў па розных прычынах траплялі за мяжу Польшчы. 

У розных кутках свету пражываюць мільёны чалавек польскага паходжання. Гэтыя людзі для польскага ўраду вельмі важныя, таму ўлады Польшчы вырашылі значна павысіць фінансаванне, якое прызначае Польшча на дапамогу суайчыннікам за мяжой, – адзначае Ўпаўнаважаны ўраду па пытаннях палякаў за мяжой Ян Дзедзічак.

- Нагадаю, папярэдні ўрад у 2015 годзе прызначаў на дадзеныя мэты 53 мільёны злотых, мы прызначаем 110 млн. За гэтыя час, калі пры ўладзе знаходзіцца партыя «Права і справядлівасць», былі ўведзеныя папраўкі і дапаўненні ў Закон аб Карце паляка, якія даюць магчымасць пасяляцца на пастаяннае месца жыхарства ў Польшчы яе ўладальнікам і хутка атрымаць грамадзянства. Акрамя таго, дзейнасць карты пашырана на ўвесь свет.

Нядаўна госцем нашага эфіру была старшыня Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» Алена Макоўская, якая казала, што беларускія ўлады вельмі павольна адыходзяць ад стэрэатыпу, што беларусы замежжа – гэта ўжо страчаныя людзі для Беларусі. Польскія ўлады ўжо даўно зразумелі, што падтрымка і шырокія кантакты з асобамі польскага паходжання за мяжой могуць прынесці Польшчы значную карысць, але неабходна трактаваць іх па-партнёрску, – падкрэслівае Ян Дзедзічак.

- Мы зацікаўлены ў тым, каб палякаў замежжа трактаваць сур’ёзна, як нашых партнёраў. Палякі замежжа ніколі ўжо не павінны быць для Польшчы праблемай або людзьмі, якія нечага патрабуюць, а ўлады ад якіх адмахваюцца, а так бывала раней. Яны для нас сур’ёзныя партнёры, з якімі польскія ўлады намераны весці супрацоўніцтва і дыялог. Мы імкнемся стварыць у нашай замежнай палітыцы элемент, які будзе абапірацца менавіта на кантакты з палякамі замежжа. Гэта павінна быць шырокая дзейнасць у рамках замежнай палітыкі польскай дзяржавы, а не толькі нейкія паасобныя ініцыятывы і аднолькавыя акцыі дапамогі. Канешне, польская дзяржава павінна выдзяляць сродкі на дапамогу канкрэтным польскім арганізацыям за мяжой, але мы павінны вызначыць, якія мэты мы імкнемся дасягнуць праз дадзеныя кантакты. Менавіта з гэтаю думкаю была створана пасада Ўпаўнаважанага ўраду па пытаннях палякаў замежжа пры старшыні рады міністраў Польшчы. Сродкі, якія польская дзяржава прызначае на дапамогу палякам замежжа, падзеленыя паміж рознымі ведамствамі. Вялікая доля знаходзіцца ў распараджэнні Ўпаўнаважанага ўраду, але часткай распараджаецца таксама Міністэрства адукацыі, Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі, МЗС ды іншыя структуры. Роля ўпаўнаважанага заключаецца між іншым у тым, каб дапамагаць польскім арганізацыям з-за мяжы ў кантактах з польскімі ведамствамі.

Упаўнаважаны польскага ўраду па пытаннях палякаў за мяжой займаецца маніторынгам і дапамогай суайчыннікам на свеце. Вялікі адсотак палякаў свету пражывае ў Беларусі. Паводле нацыянальнага перапісу насельніцтва, у краіне жыве каля 300 тыс. асоб польскага паходжання. Як вядома, ім прыходзіцца дзейнічаць у цяжкіх абставінах, паколькі ўжо 15 гадоў у Беларусі існуюць два Саюзы палякаў – афіцыйны, які не прызнаецца польскімі ўладамі і апальны, які ўзначальвае Анжаліка Борыс. Якім чынам польскі ўрад аказвае падтрымку палякам у Беларусі?

- Мы вельмі паважаем палякаў у Беларусі, гэта вельмі важная для нас дыяспара. Мы супрацоўнічаем з Саюзам палякаў у Беларусі, якім кіруе спадарыня Анжэліка Борыс. Гэта арганізацыя, якая для Польшчы, з’яўляецца самым важным партнёрам. Нас вельмі цешыць кожны від дзейнасці, якім займаецца СПБ. Гаворка ідзе перш за ўсё пра адукацыйную дзейнасць, але таксама культурныя мерапрыемствы, актыўнасць па захаванні веды пра польскую гісторыю, тоеснасць нашага народа. Аднак нельга забываць, што польскай адукацыяй у Беларусі займаецца таксама арганізацыя Macierz Szkolna (macierz – даслоўны пераклад матрыца, але пераноснае значэнне – Айчына – рэд.). Мы з вялікай павагай ставімся да скаўцкіх арганізацыяў у Беларусі. Для нас вельмі важна, каб польскія арганізацыі былі актыўнымі, таксама важна, каб яны былі лаяльнымі грамадзянамі Беларусі, але пры гэтым не саромеліся свайго польскага паходжання і каб захавалі памяць пра свае карані.

Госцем нашай перадачы быў Упаўнаважаны польскага ўраду па пытаннях палякаў за мяжой Ян Дзедзічак.


Размаўлялі Галіна Остас, Наталля Грышкевіч